Бізнесмен прывёз 300 аленяў, каб адрадзіць вёску


Ігар Андрушка вырас у вёсцы, прыязджаў на канікулы да бабулі з дзядулем. Сёння гэтых людзей ужо няма. Але дзіцячую памяць нікуды не дзенеш. Усю маладосць Ігар правёў у Расеі на заробках і навучыўся там бізнесу.

Але яго заўсёды цягнула дадому, у вёску Леснікі, дзе ён правёў самае лепшае дзяцінства ў свеце. Сёння Леснікі гінуць. У іх няма і дваццаці жыхароў. Энергетыкі ўжо было сабраліся зрэзаць драты, бо думалі, што вёска даўжынёю 2,5 км пойдзе пад знос. Але здарыўся цуд. У Леснікі вярнуўся Ігар Андрушка і задумаў там цэлую авантуру.