Беларусы свечку носяць. Абрад, якому 500 гадоў


Гомельшчына і Палессе рупліва захоўваюць адметныя традыцыі нашай мінуўшчыны, карані якіх сягаюць у дахрысціянскія часы.

5 чэрвеня ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёну прайшоў абрад Перанос свячы, які палягае на перамяшчэнні з хаты ў хату набору рытуальных прадметаў: абраза, свечкі і драўлянага крыжу. Рэчы мусяць захоўвацца ў хаце роўна год ды маюць моц абярэгу, кажа жыхарка вёскі Навінкі Вольга Сопат:

«Яна, як перабывае ў хаце, дык ужо мацуе і гаспадароў, і дзяцей, і ўсіх».

Перанос свячы – падзея ўрачыстая, жыхары збіраюцца як на свята і раней нават абыходзілі са свечкаю ды іконаю ўсю вёску. Тым часам шчасліўцы, у якіх у хаце загосцяць на год каштоўныя рэчы, рыхтуюць падворак, засцілаючы яго тканінаю ды аздабляючы. Спадарыня Марыя ўзгадвае, што не пашкадавала калісьці найлепшае коўдры:

«Як прыносілі нам, дык у мяне былі дзве коўдры тканыя, то я заслала імі двор, каб авечкі вяліся».

Свечку нясуць гаспадар і гаспадыня хаты, абраз – незамужнія дзяўчыны, крыж – найстарэйшыя паважаныя мужчыны. Людзі імкнуцца падлезці пад свечку і абраз тры разы, верачы, што гэта спрыяе здароўю і дабрабыту. Сёлета свечку прымае Ганна Блізнец.

«Калі мы толькі прыехалі ў гэтую вёску, то свечка была вельмі далёка ад нас, і я ніколі не думала, што мы дачакаемся. Але дачакаліся і мы гэтага светлага свята, і мы хвалюемся», – кажа спадарыня Ганна.

Упершыню абрад Перанос свячы згадваецца ў крыніцах у Іпацеўскім летапісе ў 1159 годзе. Да сёння ў розных формах захаваўся ён толькі ў некалькіх вёсках Беларусі.

Іншыя тэмы:

  • Лукашэнка, які яднае ўсіх – паміж Машэравым і Міндоўгам.
  • Што змяніла ў гісторыі бітва на Сініх Водах?
  • У Берасці з’явіўся найбуйнейшы мурал. Замоўцы самі звярнуліся да мастака.

Фота – Планета Беларусь