Беларускі звычай: жонку выбіраюць бацькі


Бацькі паехалі ў сваты «запіваць» нявесту для сына, а той не ведаў, хто меў стаць ягонай жонкай і адно заломваў удома рукі.

Праграма «Вяскоўцы» выправілася ў падарожжа ў вёску Вулька Драгічынскага раёну да выбітнага дуэту спевакоў – спадарыні Еўдакіі Зіновіч і спадара Фёдара Булыгі. Некалі іх з’яднала песня, яны стварылі сямʼю і, як кажуць, цяпер маюць магчымасць рэпетаваць удома.

Спевакі распавялі пра тое, як некалі хлопцы да крыві біліся за дзяўчат і як бацькі самі выбіралі нарачоных для сваіх дзяцей. Прагучала ў праграме і даўнейшая гісторыя, як паляшук хацеў зарабіць на каларадскім жуку, але ў выніку зазнаў толькі страты.

Вядоўца Віктар Шукеловіч здабыў у праграме аўтамабільныя дзверцы ды шукаў машыны, якая б да іх пасавала. Акрамя гэтага, няўрымслівы аўтар праграмы скрабаў бульбу, збіраў маліну і яблыкі, ласаваўся суседчынымі піражкамі, плёў лапці, разʼязджаў па вёсцы ў аўце, слухаў анекдоты з рэальнага жыцця ды атрымліваў асалоду ад старажытных палескіх спеваў на імправізаваным вясковым канцэрце.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.