Беларус, які ўзначаліць «Rotary Club» у Варшаве: Не забываю аб прыналежнасці да беларускага народу


Чарговая гісторыя поспеху нашага суайчынніка за мяжою. Беларуса Алеся Карцеля абралі прэзідэнтам «Rotary Club Warszawa City». Клуб уваходзіць у найбуйнейшую ў свеце сетку дабрачынных арганізацыяў «Rotary International», у якую агулам уваходзіць 1,2 млн чалавек у больш як 200 краінаў.

Ратарыянцы, большасць з якіх займаюць уплывовыя кіраўнічыя пасады альбо маюць уласны бізнес, кіруюцца лозунгам «Служэнне па-над уласнай карысцю», не атрымліваюць за сваю дзейнасць заробкаў. На дабрачыннасць ідуць уласныя ашчаджэнні, а таксама грошы ад прыватных спонсараў. Агулам у свеце налічваецца 34,5 тыс. гэткіх клубаў «Rotary», у тым ліку і ў Беларусі. Крытыкі арганізацыі называюць яе не інакш як вярбовачнай базай масонаў. Самыя ж ратарыянцы цвердзяць, што маюць за мэту задзіночанне бізнесоўцаў і адмыслоўцаў для ажыццяўлення гуманітарных праектаў, развіцця высокіх этычных стандартаў у прафесійнай галіне і дапамогі ўва ўсталяванні міру на ўсёй планеце.

Прэзідэнт-намінант «Rotary Club Warszawa City» Алесь Карцель падкрэсліў, што быць прэзідэнтам клубу – гэта заўсёды дадатковыя абавязкі і адказнасць за цэлы шэраг дабрачынных імпрэзаў, якія арганізоўвае «Rotary Club».

«Трэба сказаць, ніводзін чалавек у «Rotary» не атрымлівае грошай за ўсе пасады, якія ёсць», – заўважыў Алесь Карцель.

Адным з самых вядомых сябраў «Rotary Club» зʼяўляецца былы найбуйнейшы акцыянер кампаніі «Microsoft» Біл Гейтс, якія амаль усю сваю маёмасць аддаў на дабрачынныя мэты. Дзякуючы «Rotary International» такая хвароба, як поліяміэліт, амаль ужо не існуе ў свеце, падкрэсліў спадар Карцель.

Госць «Гарачага каментара» распавёў, што ўжо 10 гадоў жыве ў Польшчы, але не перастае адчуваць сябе беларусам.

«У мяне растуць дзеці, якія, я спадзяюся, таксама будуць ведаць, што яны беларусы. Жонка ў мяне таксама беларуска. Немагчыма забыцца пра гэта (пра прыналежнасць да беларускага народу – рэд.). Нягледзячы на той факт, што беларуская дыяспара, на жаль, зусім не арганізаваная ў вялікай колькасці краінаў Заходняй Еўропы, але так ці інакш, незалежна ад усяго, мы ператрываем», – падсумаваў спадар Карцель.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu