Каму родная мова, а каму – тараканская гаворка!


Праграма «Вяскоўцы» адчыняе ўсё новыя дзверы ў беларускіх селішчах. Няўрымслівага вядоўцу Віктара Шукеловіча лёс завёў у вёску Лелікава ў Кобрынскім раёне да вясковага паэта, які ў звычайным сшытку складае ўнікальны слоўнік роднай гаворкі.

З гэтай працы, да прыкладу, можна даведацца, хто такі «бамбула» і што «бандзюга» – гэта зусім не чалавек. Вядоўца сам вучыўся гаварыць па-мясцоваму, а потым зрабіў іспыт для самага маладога пакалення лелікаўцаў на веданне даўнейшых слоў. Як дзеці справіліся з заданнем і ці разумеюць яны колішнія выразы – пра гэта глядзіце ў выданні.

А гаспадыня хаты – захавальніца ўнікальнага строю палескай свахі, выбітная пявуння і знаўца даўніх традыцый – сама зладзіла шэраг выпрабаванняў для Віктара: задала некалькі старых вясельных загадак і заахвоціла да гульні «ў жучка». Віктар пры нагодзе высветліў, што рабіла сваха, калі бачыла недахоп пачастункаў на вяселлі, ды чаму насіла пеўневае пер’е ў галаўным уборы. Усё гэта і шмат іншага – у новым выданні «Вяскоўцаў».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.