Музыка сезону: «Канцэртавы тур Ганса Цымэра»


Здавалася б, улетку ў музычнай плыні пануюць рок-фестывалі, клубныя тусоўкі, ну яшчэ якія-небудзь пляжныя ды палюбоўныя спевы і ўсё ж такі, можна паглядзець уважліва на афішы ды адшукаць незвычайнае. Напрыклад, я ніколі раней не чуў нічога такога: канцэрт, дзе вялікі аркестр выконвае музыку з папулярных фільмаў, а тым часам у зале адбываецца велізарнае шоу.

Кінакампазітар Ганс Цымэр гастралюе такім чынам цяпер па свеце, толькі што ягоныя незвычайныя канцэрты адбыліся ў Польшчы.

«Людзі прыходзяць на мае канцэрты з надзеяй, што будуць слухаць вялікі аркестр, якім кіруе маэстра, нібы ў той кансерваторыі. Але гэтага не адбываецца. Я не сяджу на сцэне за вялікім чорным гранд піяніна. На нашых канцэртах пануе не толькі музыка, але грандыёзнае шоу».

У верасні Гансу Цымэру споўніцца 60. Так што гэты ягоны сусветны канцэртавы тур можна лічыць юбілейным. Дарэчы, ён нарадзіўся ў Нямеччыне, але зрабіўся адным з найбуйнейшых галівудскіх кампазітараў. У дзяцінстве захапляўся музыкай Дэйвіда Боўі і гурта «Ролінг Стоўнз». У большасці фільмаў, якія мы любім і добра ведаем, гучаць ягоныя творы. Ад «Гладыятару» да анімацыяй кшталту «Кароль Леў» і «Мадагаскар».

«Я выйшаў з рок-н-ролу, таму для мяне ўсе гэтыя музычныя творы для кіно ёсць вяртаннем да каранёў. Музыка ў «Цёмным рыцары» – гэта проста рок, у фантастыцы з назвай «Пачатак» была мяшанка стыляў. Я нярэдка спрачаюся наконт усяго са сваімі сябрамі – Джоні Марам ды Фарэлам Уільямзам. На самой справе мне не падабаецца эпічная музыка, ці тое, што звычайна завецца творамі для кіно. Я люблю песні, шоу, цырк, таму мае кампазіцыі добра гучаць разам са светлавымі спецэфектамі. Мы паказваем цяпер такое шоу».

Дарэчы, папулярную музыку з франшызы «Піраты Карыбскага мора» таксама склаў Ганс Цымэр.

Сяргей Філімонаў