Аўтызм – у жыцці ды на сцэне. Герой гэтага спектаклю жыве паводле гадзінніка і не выносіць дотыкаў


Cвет ён успрымае асабліва. Кранальную гісторыю хлопца з аўтызмам паказалі на сцэне Цэнтру сучасных мастацтваў.

А пачынаецца ўсё з таямнічага начнога забойства сабакі – гэтак спектакль і называецца. Гуляючы ў дэтэктыва, хлопец разам з гэтым злачынствам раскрывае і глыбокі крызіс уласнае сям’і. Мы бачым свет ягонымі вачыма: Крыстафэр ніколі не хлусіць, не ўмее жартаваць, «ведае ўсе краіны, іх сталіцы ды ўсе простыя лічэбнікі да 7057-мі», але эмоцыі іншых не паддаюцца ягонаму разуменню. Твор напісаў брытанскі пісьменнік Марк Гэдан, які ў маладосці працаваў з аўтыстамі, а на беларускай сцэне яго ўвасобіў тэатральны праект Андрэя Саўчанкі. Ролі выконваюць студэнты чацвертага курсу Акадэміі мастацтваў. Малады актор Раман Шыцько дасюль не ведаў пра аўтызм амаль нічога, але так ужыўся ў вобраз, што нават пачаў думаць як ягоны герой.

«Я пачаў шмат чытаць: у інтэрнэце, газетах, глядзеў фільмы, гэта балюча. Я стаў і знаёміцца з такімі людзьмі, яны таленавітыя, кожны ў сваім нечым».

Спектакль выклікае ўсмешку і слёзы. Але гэта не спекуляцыя на сацыяльнай тэме. Аўтары імкнуліся цікава распавесці праўдзівую, амаль дэтэктыўную гісторыю, у якой спачуваеш і падлетку, і ягоным бацькам, кажа рэжысёр Андрэй Саўчанка:

«Чаму я магу сказаць пра сябе, што нармальны? А ён – ненармальны? Як мы можам суіснаваць? І ці мы ў роўных правах і калі не, то чаму?»

Дэкарацыі мінімальныя, але дзякуючы дынамічнай рэжысуры мы пераносімся то ў суседскі сад, то ў школу, то на вакзал у Лондане. Інсцэнізацыя створаная ў супрацы з Беларускаю асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, наступным разам яе плануюць паказаць 2-га красавіка – у Сусветны дзень распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Актуальна – пра краёвую ідэю. Алесь Смалянчук прадставіў кнігу «Краёвая ідэя ў беларускай гісторыі».

Абразы знакамітага Аляксандра Ісачова – на выставе ў Гомлі.

Як зрабіць датыкальную кнігу за 12 гадзінаў?

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»