Аўстрыя абрала прэзідэнта: за крок да перамогі быў радыкал


НОРБЭРТ ГОФЭР, ЛІДАР ПАРТЫІ «СВАБОДА»:«Я – не такі, вы ўбачыце. Вы мусіце паглядзець на мяне праз год ці два. Я мушу мець магчымасць працаваць, тады ўсе ўбачаць, што я сапраўды нармальны. Я не небяспечны чалавек».

Небяспечнымі палітолагі і эксперты лічаць погляды лідара нацыяналістычнай партыі «Свабода». Норбэрт Гофэр – радыкальны еўраскептык. Ён быў за крок да перамогі і ледзь на стаў адзіным ультраправым прэзідэнтам у Еўразвязе.Выбары былі вельмі напружаныя – розніца паміж абодвума супернікамі была нязначная. У выніку Гофэр прызнаў сваю паразу.

АЛЯКСАНДР ВАН ДЭР БЭЛЕН, КАНДЫДАТ У ПРЭЗІДЭНТЫ АЎСТРЫІ:«Я не гляджу на гэта як на нешта негатыўнае. Хтосьці падтрымлівае Гофэра, хтосьці мяне. Мая мэта і мая палітыка – закопваць акопы, а не капаць іншыя».

Незалежны кандыдат Ван дэр Бэлен – памяркоўных поглядаў і падтрымлівае еўраінтэграцыю. Еўропа ўздыхнула з палёгкаю.Розніца ў першым туры была значна большая – на 14 % больш для Гофэра. Ягоная перамога была пэўная, а прыхільнікі яшчэ ўчора пачалі святкаванне.

ПАТРЫК, ПРЫХІЛЬНІК НОРБЭРТА ГОФЭРА:«Не мае значэння, які вынік, будзе Гофэр прэзідэнтам ці не, але гэта падстава, каб дасягнуць большага».ГАЙДЭМАРЫ, ПРЫХІЛЬНІК НОРБЭРТА ГОФЭРА«Я лічу, што гэта паваротны момант для ўсёй Еўропы. Мы вельмі шчаслівыя».

Усё змянілі падлікі галасоў 750 тыс. выбарнікаў, якія даслалі бюлетэні па пошце.Цікавы і яшчэ адзін факт. Упершыню пасля Другой сусветнай вайны ў другі тур не прайшлі кандыдаты галоўных аўстрыйскіх партыяў – народнай і сацыял-дэмакратычнай. Апошнюю прэзентуе канцлер Аўстрыі, які пасля гэткіх вынікаў вымушаны быў падаць у адстаўку.ГЛ, belsat.eu