Арцём Гарбацэвіч пра затрыманне беларусафобаў: Усё пачалося з Мініфармацыі, а не сілавікоў


Чарговае гучнае затрыманне. У адзін з менскіх СІЗА трапіў аўтар прапандысцкага расейскага сайту «Regnum», вядомы пад псеўданімам «Ала Бронь». Менавіта пад гэтым імем, як выявілася, 45-цігадовы берасцеец Дзмітрый Алімкін апублікаваў матэрыял, у якім называў Беларусь «зварʼяцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт – «прыкметай нізкага паходжання».

Затрымлівалі беларусафоба ў Берасці байцы АМАПу. Таксама адбыўся ператрус жытла Алімкіна. Злачынствы, у якіх яго падазраюць – распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы або розні – ідэнтычныя тым, за якія напярэдадні схапілі яшчэ аднаго прарасейскага радыкала з Менску Юрыя Паўлаўца, таксама аўтара шэрагу імперскіх сайтаў. Абодва беларусафобы не толькі лілі бруд на беларускіх патрыётаў, але і абвінавачвалі ўлады нашае краіны ў здрадзе інтарэсам Расеі.

Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч, які вядомы сваймі расследаваннямі на тэматыку «рускага свету», лічыць, што «ўзнагароды знайшлі сваіх герояў».

«З шэрагу падобных адэптаў першага затрымалі Бурыкіна. Калі чалавек робіць нешта шчыра, нават калі гэта ягонае перакананне, ён падпісваецца сваім іменем, як робяць іншыя прыхільнікі «рускага свету» ў Беларусі. Яны, відаць, ведалі, на што ідуць, таму хаваліся за псеўданімамі. Нават пол спрабавалі схаваць», – кажа Арцём.

«Лукашэнка – прэзідэнт Беларусі. У сілавых структурах таксама працуюць беларусы. Не трэба думаць, што калі на Лукашэнку нічога кепскага не кажуць, то яму абыякава. Следчы камітэт паведаміў, што матэрыялы ў органы прыйшлі з Міністэрства інфармацыі. А там зрабілі экспертызу, якая прызнала гэтыя тэксты экстрэмісцкімі, не помню дакладнай фармуліроўкі. Таму ўсё пачалося з Мінінфармацыі, а не сілавікоў», – тлумачыць ён.

Арцём Гарбацэвіч заўважае, што ёсць шмат неабыякавых людзей, якія пасля прачытання артыкула «Алы Бронь» звярталіся ў Мінінфармацыі са скаргамі на распальванне варожасці.

Паводле журналіста, акрамя радыкальнага «рускага свету» ёсць ціхія кухонныя русафілы, якія ніяк сябе не праяўляюць. На думку Арцёма, вялікую ролю цяпер адыгрываюць СМІ, каб прасоўваць беларускую культуру.

«Каб беларусы адчувалі сябе беларусамі. Тады зʼявы «рускага свету» і маргіналы самі будуць выціснутыя нашым грамадствам і іх не будуць успрымаць усурʼёз. Але пакуль ёсць аўдыторыя будзе і «рускі свет», – кажа госць «Гарачага каментара».

Цалкам размову глядзіце ў відэа.

ДР, belsat.eu