Агляд падзеяў культуры «Арт Сядзіба» прадставіла пляцоўку для ўсіх ахвочых паэтычна выказацца


«Арт Сядзіба», суполка, што папулярызуе беларускую культуру і падтрымлівае незалежных творцаў, прапанавала вольную пляцоўку ахвочым паэтычна выказацца.

Пра ідэю праекту расказвае адміністратар Алесь Снег:

«У нас сёння адкрыты мікрафон. Можа прыйсці абсалютна любы чалавек, прачытаць свае вершы, прадставіць сваю творчасць».

Увосень фармат паэтычных сустрэчаў можа быць крыху зменены, адзначае арганізатар:

«У нас увосень распачынаецца «Рухавік паэтычны». Паэтычныя выступы ў фармаце батлу, спаборніцтва».

Паэты ставяцца да ідэі двубою па-рознаму, кажа паэт Фёдар Бянько:

«Было б цікава прыняць удзел у паэтычным двубоі, гэта як спаборніцтва двух паэтаў. Але крыху не зразумелы фармат. Гэта фармат рэп-батлу або фармат паэтычных батлаў».

Асцярожна глядзіць на магчымую змену фармату паэтка Любоў Міронава:

«Калі гэта будзе сяброўскі батл на пэўную тэму – я гатова выступіць. Але калі я буду павінная кагосьці прынізіць, апусціць, паказаць, які чалавек кепскі, а я крутая, і мае рыфмы лепшыя, то я не гатовая ў такім браць удзелу».

Стаўленне да беларускага лірыка вагаецца ад узнёсла замілаванага да грэблівага. Аднак мастацкае слова жыве, перамяшчацца з кніжных старонак у сацыяльныя сеткі, клубы. Дык што, быць паэтам – актуальна? Прынамсі, не сорамна, мяркуе Любоў Міронава:

«Я мяркую, што паэткаю быць не сорамна. Кожны чалавек можа выказвае свае думкі ў любой форме. Калі цябе нешта хвалюе, накіпела ў душы, ты можаш напісаць верш, і цябе адпусціць».

А творчасць вымагае ад чалавека чагосьці большага, чымся ўласна шчасце, дадае Фёдар Бянько:

«Часцей вершы пішуцца, калі настрой не тое каб дэпрэсіўны, але і не шчаслівы».

Што ні кажы, вершы дадаюць смак жыццю. Не маўчаць, выказваць свае пачуцці ў паэтычнай форме – цудоўны сродак супраць тутэйшай дэпрэсіі.

Таксама ў выданні:

  • Мастацкі трагізм «Дажынак» Жанны Капуснікавай
  • Магілёў і яго літаратурныя знакі

Глядзіце таксама:

Андрусь Такінданг, Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Каментары