Арганізатары Маршу абураных беларусаў хочуць пасадзіць Лукашэнку разам са Статкевічам


Да ўдзелу ў акцыі «Марш абураных беларусаў 2.0» заклікаў каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель у інтэрв’ю для «Размовы дня», запісаным літаральна перад самым арыштам актывіста.

Акцыя адбудзецца 21 кастрычніка ў Менску, і цяпер чыняцца прэвентыўныя затрыманні арганізатараў.

Улады не зрабілі высноваў з акцыяў пратэсту ўзімку і ўвесну, сказаў Яўген Афнагель. Паводле яго, акцыя «Марш абураных беларусаў 2.0» супраць збяднення насельніцтва можа даць старт новай пратэстнай хвалі.

«Калі б улады зрабілі высновы, яны селі б за стол перамоваў з апазіцыяй», – сказаў Афнагель. У прыватнасці, за сталом перамоваў ён бачыць Аляксандра Лукашэнку і Міколу Статкевіча.

Колькі людзей выйдзе на Кастрычніцкую плошчу ў Менску Яўген Афнагель не ўзяўся спрагназаваць, але згадаў, што яшчэ раніцай 17 лютага, у дзень «дармаедскага» Маршу скептыкі казалі, што ніхто не выйдзе, а ў выніку пратэставалі тысячы чалавек: «Рэвалюцыйная сітуацыя была і застаецца».

Хто падыме на пратэсты людзей у рэгіёнах услед за Менскам? Чаму не варта баяцца затрыманняў? Што можа чакаць Лукашэнку, калі ім не будзе прынята рашэнне пра перамовы з апазіцыяй?

Падрабязней – у поўным выданні «Размовы дня» з Усеваладам Сцебуракам.

Нагадаем, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які ладзіць Марш абураных беларусаў, Яўген Афнагель быў затрыманы ў сераду, 11 кастрычніка.

Сваякам Афнагеля патэлефанавалі з РУУС Маскоўскага раёну сталіцы і паведамілі, што ён адпраўлены ў ЦІП на Акрэсціна. Актывісту давядзецца адбываць 15 содняў адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 8 верасня супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017».