Без выбараў у Арменіі не будзе зменаў


На тле жорсткіх спробаў здушэння пратэстаў у Арменіі і арышту іх лідараў у добраахвотную адстаўку экс-прэзідэнта і ўжо экс-прэм’ера краіны Сэржа Саргсьяна яшчэ зранку было цяжка паверыць.

Адстаўку Саргсьяна каментуюць палітолагі Рубэн Мэграб’ян і Павел Вусаў.

«Гэта дзень перамогі армянскай нацыі ў барацьбе за дэмакратыю. Але гэта першы крок. За гэтым ідзе перафарматаванне ўсёй сістэмы ўлады», – кажа Рубэн Мэграбʼян.

Ён упэўнены, што Саргсьян прыняў адзінае правільнае рашэнне.

25 красавіка, паводле Мэграбʼяна, пачнуцца перамовы Пашыньяна з выконваючым абавязкі прэмʼера Карэнам Карапэтʼянам.

«Думаю, абʼявяць пераходны перыяд і вызначаныя крокі на перыяд, якія прывядуць да правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў», – кажа Рубэн Мэграбʼян.

Павел Вусаў у сваю чаргу адзначае, што ў параўнанні да Беларусі ў Арменіі «мяккі аўтарытарызм».

«Гэткая нестабільная, аўтакратычная ўлада. Саргсьян прабаваў маніпуляцыямі і зменай пасады працягнуць свой перыяд панавання, але не ўдалося. Менавіта таму, што аўтарытарызм вельмі рыхлы і таму маглі адбыцца гэткія змены, чаго ў Беларусі ў прынцыпе няма»

Апазіцыя супраць Саргсьяна больш-менш прарасейская і не праеўрапейская, чым тая апазіцыя, якая была ва Украіне, кажа Павел Усаў.

«Нават партыя «Елк», якая нібы была правадыром зменаў, хоць і выступае за паляпшэнне адносінаў з ЕЗ, але не выступае на радыкальных пазіцыях», – кажа Павел Усаў.

Палітолаг адзначае, што ў Арменіі магчымая палітычная ракіроўка.

«Калі датэрміновых выбараў не будзе, то радыкальных зменаў у кіроўных элітах не адбудзецца».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары»