Свет Аншлаг на прэмʼерным паказе кінастужкі пра Барыса Нямцова


У Расеі стартаваў паказ дакументальнага фільма «Занадта свабодны чалавек» аб забітым два гады таму апазіцыйным палітыку Барысе Нямцове. Прэмʼерны паказ адбыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе пры поўным аншлагу.

Адзіны паказ фільму быў бясплатны. Кінатэатр, разлічаны на больш як 500 чалавек, не змог змясціць усіх ахвочых. У стужку ўвайшлі інтэрвʼю з людзьмі, якія ведалі Барыса Нямцова, сярод якіх Міхаіл Прохараў, Грыгорый Яўлінскі, Віктар Юшчанка, Міхаіл Хадаркоўскі ды іншыя.

Планавалася, што фільм пакажуць гэтак жа ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе і яшчэ дзевяці буйных гарадах. Аднак у Калінінградзе і Омску мясцовыя чыноўнікі паказ ужо адмянілі.

Былы віцэ-прэмʼер, апазіцыйны лідар Барыс Нямцоў быў забіты позна ўвечары 27 лютага 2015 года. Палітыка застрэлілі на Вялікім Маскварэцкім мосце побач з Крамлём. Забойца стрэліў у спіну палітыку шэсць разоў. Нямцоў памёр на месцы ад атрыманых раненняў. Паводле версіі следства, злачынства здзейснілі пяцёра чачэнцаў за фінансавае ўзнагароджанне. Арганізатара не знайшлі. Крымінальную справу з кастрычніка мінулага года разглядае Маскоўскі акружны вайсковы суд. Усе абвінавачаныя адмаўляюць датычнасць да забойства.

Каментары