Андрусь Горват у чарговы раз сустрэўся са сваймі менскімі чытачамі


Чэргі па кніжку, збор талакою сродкаў на яе выданне і друк чарговае тысячы асобнікаў – старт Андруся Горвата як пісьменніка смела можна назваць фенаменальным, такога Беларусь яшчэ не бачыла.

Кніга Андруся Горвата «Радзіва «Прудок» зʼявілася ў снежні летась як надрукаваны дзённік Андруся. Журналіст з адукацыі, Горват пераехаў з Менску ў старую дзедаву хату каля Калінкавічаў, завёў казу і пачаў пісаць зацемкі пра наваколле, ствараючы ўласны космас. Чым імгненна здабыў тысячы прыхільнікаў. Сваю найноўшую кнігу «Айчына. Маляўнічыя гісторыі» прынёс Андрусю ў падарунак, у прыватнасці, пісьменнік Уладзімір Арлоў:

«Гэта чалавек, у якога ёсць айчына, а цяпер у яго будзе і кніжка «Айчына». Мне падаецца, што ў ягоным дзённіку бʼецца жывы нерв нашага жыцця».

Нягледзячы на хвалю крытыкі, маўляў, зноў белліт вяртаецца да надакучлівай тэмы вёскі, «Радзіва «Прудок» імкліва набірае папулярнасць, а тэатральная каса Купалаўскага тэатру ў дні аўтограф-сэтаў Горвата ледзь змяшчае ўсіх ахвочых, кожны з якіх жадае выказаць сваю ўдзячнасць аўтару:

«Я скажу Андрусю Іванавічу, што адчуваецца, што ён вельмі любіць сваю зямлю. І гэта без нейкага пафасу, без нейкага надрыву. Ён кажа вельмі проста і вельмі вобразна».

«Я сабе ўжо набыў кніжку, цяпер хачу набыць яшчэ і маме, з Берасця, яна таксама прыхільніца творчасці Андруся і папрасіла, каб я адмыслова прыйшоў, набыў кнігу з аўтографам, у ейнай бібліятэцы яна будзе на ганаровым месцы».

«Я мяркую, што гэта талент. Чалавек, які без усякага піяру, без падтрымання журналістаў і ўвогуле не карыстаючыся нічым, з блогераў стаўся сапраўдным пісьменнікам».

Напісанае ў вялікай ступені паляшуцкаю гаворкаю Гомельшчыны, поўнае добрага і дасціпнага гумару ды трапных назіранняў вострага мастацкага вока, «Радзіва «Прудок» Горвата ўпэўнена займае месца на паліцах кнігарняў і ў сэрцах, а таксама ўжо вылучанае на літаратурную прэмію «Дэбют». І адзіная прэтэнзія да твору большасці чытачоў такая:

«Вельмі хутка канчаецца кніга».

Набыць кнігу пра космас Андруся Горвата можна ў касе Купалаўскага тэатру ў Менску, дзе аўтар калісьці працаваў дворнікам.

Іншыя тэмы:

Томас Венцлава ў Менску. Сёлета легендарнаму паэту – 80 гадоў.

Спявак Юзары пачакаў… і перайшоў на беларускую.

Горадню можна цяпер бачыць і чытаць адначасова.

Чытайце таксама:

Вольга Гардзейчык, Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, belsat.eu