Анджэй Пачобут: Пра пераемніка Лукашэнкі казаць рана, без улады ён сябе не ўяўляе


Журналіст выказаўся пра магчымыя кадравыя перастаноўкі ў вышэйшых эшалонах улады.

Хто, калі не Лукашэнка? Гэтым пытаннем задаюцца і палітыкі, і простыя грамадзяне. Увага традыцыйна падае найперш на сыноў кіраўніка краіны, вядомага сваёй недаверлівасцю нават да найбліжэйшага атачэння. Балазе Лукашэнка і сам неаднойчы ці то жартам, ці то сурʼёзна гаварыў пра рыхтаванне да кіравання краінай свайго малодшага сына – Мікалая. Што праўда, апошнім часам хлопец зʼяўляецца на публіцы з бацькам куды радзей. Ці азначае гэта, што надышоў час для выхаду з ценю і іншых сыноў Аляксандра Лукашэнкі? Пра гэта, а таксама пра магчымага пераемніка кіраўніка краіны ў «Гарачым каментары» разважае гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут.

«Мне падаецца, што пра пераемніка казаць зарана. Лукашэнка ў дастаткова добрай форме. Не думаю, што ён уяўляе сваё жыццё без улады. На сённяшні дзень, як сам Лукашэнка і казаў, ён дастаткова моцны палітык. Ягоны сын Віктар, на думку кіраўніка Беларусі, не такі моцны палітык. Дык навошта некага мяняць? Таму думаю, што размовы пра пераемніка на сурʼёзным узроўні не вядуцца», – заявіў Анджэй Пачобут.