Гарачы каментар Анатоль Лябедзька пра прэзідэнцкую паліклініку: На 4 мільёнах еўра справа не скончыцца


«Улада зноўку засунула ліпкую руку ў кішэню менчукоў», – напісаў у Facebook лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Палітык эмацыйна адрэагаваў на пастанову сталічных дэпутатаў выдзеліць дадатковыя 9 мільёнаў і 600 тысяч рублёў на гэтак званую прэзідэнцкую паліклініку ў Ждановічах.

У эквіваленце гэта больш за 4 мільёны еўраў – у дадатак да 100 мільёнаў еўраў, у якія віп-лекарня – альбо як гаварыў Лукашэнка, «невялікі медычны цэнтр» – ацэньвалася яшчэ 4 гады таму. Між тым замест бяздумнага галасавання ды абкладання менчукоў усё новымі «ненароднымі» выдаткамі сталічныя дэпутаты павінны былі найперш пацікавіцца ў вышэйшых органаў улады, чаму жыхары Менску маюць спансіраваць несталічны аб’ект, на чыім ён балансе і колькі грошай з людзей ужо выцягнуў – перакананы Лябедзька.

Анатоль Лябедзька збіраецца накіраваць запыты ў Менвыканкам і да міністра фінансаў.

«Хачу атрымаць тлумачэнні, якія будуць цікавыя і менчукам і ў цэлым беларусам. Таму што гэтая спецпаліклініка і раней выклікала шмат пытанняў».

Палітык упэўнены, што на 4 мільёнах еўра справа не завершыцца.

«Гэта толькі будынак камунікацыі, на такую лічбу пацягне яшчэ абсталяванне, за кошт грамадзянаў Беларусі. У Бабруйску просяць рэканструяваць дзіцячую больніцу, але такіх грошай няма ні ў бабруйскім бюджэце ні ў рэспубліканскім, а на спецпаліклінікі ёсць».

Цалкам размову Валера Руселіка з Анатолем Лябедзькам глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары