Каментар «На кого ты батон крошишь?». Анастасія Кірыленка пра першую сустрэчу Пуціна і Сарказі


«Хуизмистерпутин» Валерыя Балаяна сабраў ужо больш за два мільёны праглядаў. Алесь Сіліч пагутарыў з Анастасіяй Кірыленкай, журналісцкія расследаванні якой (разам з Уладзімірам Іванідзэ) ляглі ў аснову гэтага фільма, пра тое, якім коштам маленькай групе людзей удаецца кантраляваць усю Расею.

Алесь Сіліч: Назва фільма вяртае да аднаго з загалоўкаў дваццацігадовай даўніны. Захад да гэтага часу не ведае, хто такі Mr Putin?

Анастасіяй Кірыленкай: Гледзячы хто «ведае». Спецслужбы – больш, грамадскасць і журналісты – менш. Апошнія так ці інакш абапіраюцца на інфармацыю, якую знайшла расейская прэса ці блогеры. Я ўвогуле не ведаю выпадкаў, калі заходняя прэса без удзелу расейскіх журналістаў знайшла нешта сама. З грамадскай думкай – калі мы кажам пра Францыю – наагул усё дрэнна: наратыў «Пуцін супрацьстаіць Амерыцы» і «ён быў вымушаны анексаваць Крым» тут можна пачуць у розных медыях.

Вядома, дыялог і палеміка ідзе, Захад выказвае заклапочанасць, але ў цэлым, хто такі Пуцін, яны не разумеюць.

Нядаўна добры выпадак з Сарказі апісаў журналіст Нікаля Энэн, які мае эксклюзіўныя кантакты ў спецслужбах, што склаліся пасля таго, як яго вызвалялі з закладнікаў у Сірыі.

Яму распавялі, што на першай сустрэчы Пуціна з Сарказі расейскі прэзідэнт яго прынізіў, размаўляючы з ім выразамі тыпу: «На каго ты батон крышыш?» Да гэтага Сарказі любіў казаць пра правы чалавека ў Чачэніі, але тут ён раптам замоўк.

У сеціве ёсць відэа, як Сарказі выглядаў пасля размовы: хістаецца і прабачаецца за спазненне, «выкліканае доўгай размовай з містарам Пуціным».

Што перадусім Захаду трэба ведаць пра Пуціна?

Тое, што расейскія спецслужбы любяць збіраць кампрамат нават на заходніх лідараў. Найбольш вядомы выпадак быў нядаўна з Трампам, які трапіў у «дасье Стыла».

Я размаўляла з былым разведчыкам у Манака Робэртам Эрінджерам (Robert Eringer), які казаў, што аналагічны сэкс-кампрамат падрыхтавалі на прынца Манака.

Другое – клептакратыя: праз розныя хітрыя схемы грошы пералічваюцца на Захад. Напрыклад, французская фірма атрымлівае заказ на будаўніцтва дарогі «Масква-Санкт-Пецярбург». Ёсць падазрэнне, што яна плаціць адкат партнёру Сяргея Ралдугіна, які ёсць у Панамскі дакументах. Гэта значыць, самому Пуціну. Тут у пракуратуру цяпер падалі скаргу.

Французскія бізнесмены неяк скардзіліся, што цяпер у Расею немагчыма ўвайсці без кантактаў з першай асобай.

Што маецца на ўвазе пад кантактамі? Не каньяк, вядома, а адкаты і афшоры на Брытанскіх Віргінскіх выспах.

У Крамлі вось ужо амаль цягам двух дзесяцігоддзяў існуе цыркавая ракіроўка Пуцін-Мядзведзеў, якая дазваляе кіраваць краінай абмежаванай групе людзей у абыход расейскай канстытуцыі. Коштам якіх рэсурсаў існуе расейскі рэжым?

Рэжым існуе коштам таго, што мафія ад самага пачатку захапіла медыі. Яшчэ калі Пуцін працаваў у Піцеры ў 91-м і праварочваў там свае гешэфты, банк «Россия» купіў «Санкт-Петербургские ведомости», а цяпер яго самыя блізкія сябры Аркадзь Ратэнберг (расейскі бізнесмен, мільярдэр і спарынг-партнёр Пуціна па дзюдо. – заўв. «Белсат») і Юры Кавальчук (старшыня дырэктараў банку «Россия», уладальнік «Национальной медиагруппы». – заўв. «Белсат») з кааператыва «Озеро» кантралююць большасць медыяў.

У выніку на расейскам тэлебачанні ўжо шмат гадоў 80% рэпартажаў – пра тое, які Пуцін супермен: «Пуцін загадаў Сечыну ахвяраваць грошы на нейкі шпіталь. Як добра!».

Прамыванне мазгоў дзейнічае.

Яшчэ гадоў сем таму я размаўляла з журналістамі дзяржаўных медыяў, і яны казалі, што пасмейваюцца ў рэдакцыі з Пуціна. Маўляў, яны робяць прапаганду, але ўсё разумеюць. А цяпер паступова, на маю думку, такое разуменне знікае. Журналісты-прапагандысты пішуць жонкам загінуўшых расейцаў на Данбасе, што яны «дапамогуць выкрыць гэтую хлусню», а ім адказваюць, што «гэта праўда».
Такія медыі ператварылі большасць расейцаў  у людзей, якія, мякка кажучы, не вельмі думаюць.

Фільм «Хуизмистерпутин»

Каментары