Амерыканскія спецслужбы зноў патрапілі ў скандал, звязаны з сачэннем


У штаб кватэрах Цэнтральнага Выведчага ўпраўлення ЗША (ЦРУ) ды Агенцтва нацыянальнае бяспекі пануе паніка.

Менавіта так інфармацыйнае агенцтва «Reuters», са спасылкай на свае крыніцы апісвае сітуацыю ў гэтых ведамствах, пасля таго як інтэрнэт-партал «WikiLeaks» абнародаваў чарговую порцыю дакументаў.

Горш, чым выкрыванні Сноўдэна. Менавіта гэтак ананімныя супрацоўнікі амерыканскае выведкі характарызуюць зʼяўленне на інтэрнэт-партале «WikiLeaks» 8761 дакументу ЦРУ, з якіх вынікае, што супрацоўнікі сакрэтных ведамстваў мелі доступ да соцень мільёнаў мабільных тэлефонаў на платформах «Apple» ды «Android» ва ўсім свеце. Белы Дом нават быў вымушаны выступіць з адпаведнаю заявай.

«Мы не можам у гэты момант пацвердзіць праўдзівасць гэтае інфармацыі. Але, як вы ўжо маглі зразумець, прэзідэнт вельмі занепакоены сітуацыяй, гэтымі абвінавачаннямі і тым уплывам, які гэта акажа на нашую нацыянальную бяспеку, калі гэтыя дакументы акажуцца праўдай», – заявіў Шон Спайсэр, прэс-сакратар Белага Дому.

Суразмоўцы амерыканскага тэлеканалу «CNN» ужо пацвердзілі сапраўднасць большасці з абнародаваных папераў. Пры гэтым у Вашынгтоне найбольшы непакой выклікае факт публікацыі камп’ютарнага коду, з дапамогай якога краіна праводзіць кібераперацыі ва ўсім свеце, і якім цяпер можа скарыстацца кожны хакер.

«Мала таго, што абнародаванне дакументаў ставіць пад пагрозу бягучыя аперацыі, яно яшчэ і раскрывае дэталі нашых падыходаў і метадаў працы, якіх не мусяць ведаць нашыя праціўнікі. Ворагі будуць даследаваць нашы метады і вучыцца на іх. Яны будуць выкарыстоўваць іх не толькі супраць нас, але і супраць тых, хто слабейшы», – пракаментаваў ананімны супрацоўнік выведкі.

ЦРУ і ФБР спрабуюць цяпер высветліць, хто мог быць інфарматарам «WikiLeaks». Вядома, што гэта не была аднаразовая ўцечка дакументаў, паперы збіраліся і перадаваліся на працягу доўгага часу. Асоба, ці асобы, якія абнародавалі звесткі, сцвярджаюць, што ЦРУ згубіла кантроль над сваім хакерскім арсеналам. Кіраўнік цэнтру сістэмаў кампютарнае бяспекі, прафесар Універсітэту Паўднёвай Каліфорніі Кліфард Ньюмэн распавядае, як гэта ўсё працавала:

«У нашых тэлефонах, тэлевізарах, аўтамабілях ёсць сэнсары. І большая частка атакаў грунтуецца на тым, каб мадыфікаваць праграмы, на якіх працуюць нашыя прылады, і атрымаць доступ да гэтых сэнсараў, а затым перанакіраваць інфармацыю з іх у іншае месца. Эксперты ведалі аб праблеме сэнсараў даўно і крытыкавалі рашэнні вытворцаў тэхнікі – як, напрыклад, увесь час уключаныя мікрафоны. Але праблема ў тым, што нам, як спажыўцам, такія тэхнічныя рашэнні таксама карысныя».

Скандал найхутчэй уздыме чарговую дыскусію ў грамадстве пра тое, ці гэта законна, калі выведка мае доступ да электронных прыладаў усіх грамадзянаў, нават законапаслухмяных. Пакуль жа карыстальнікі сучасных смартфонаў не вельмі занепакоеныя звесткамі «WikiLeaks».

Адзінае, чаго не апублікавалі аўтары выцечкі, гэта самі вірусныя праграмы, з дапамогай якіх ЦРУ магла чытаць смс-паведамленні з кожнага смартфона і слухаць размовы карыстальнікаў. Іх плануюць абнародаваць толькі пасля дасягнення грамадскага кансэнсусу наконт аналізу праблемы і яе развязання.

Глядзіце таксама:

Ігар Кулей, belsat.eu