Аляксей Навальны: Пуцін баіцца здрады ўласных элітаў


Новыя падрабязнасці справы аб арышце міністра эканамічнага развіцця Расеі. Аляксей Улюкаеў не чапаў долары, але памазаў рукі ў адмысловым саставе, калі дакрануўся да кейса з грашыма. Пра гэта паведамляе расейская прэса са спасылкай на крыніцы ў ФСБ.

Сённяшняе паседжанне расейскага ўраду адбылося без міністра эканамічнага развіцця. Напярэдадні Уладзімір Пуцін звольніў Аляксея Улюкаева з пасады ў сувязі са стратай даверу.

«Асобна хачу звярнуцца да працаўнікоў Міністэрства эканамічнага развіцця: час цяпер няпросты, бюджэт выходзіць на першае чытанне, ад вашай зладжанай працы цяпер шмат залежыць», – заявіў прэмʼер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

Арышт дзейнага міністра адбыўся ўпершыню ў гісторыі сучаснай Расеі. Справа Улюкаева прыцягнула ўвагу ўсяго свету.

Паводле следства, Улюкаеў патрабаваў ад прадстаўніка кампаніі «Роснефть», якой кіруе Ігар Сечын, хабар у 2 мільёны долараў за ўхваленне дамовы аб набыцці «Роснефтью» дзяржаўнага пакету акцыяў кампаніі «Башнефть».

«Абвінавачаны выказаў пагрозы, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, стварыць у далейшым перашкоды для дзейнасці кампаніі», – адзначыла прэс-сакратар Следчага камітэту Святлана Пятрэнка.

Паводле следства, міністр асабіста прыйшоў у офіс «Роснефти», каб забраць кейс з мільёнам долараў, а другі яму абяцалі данесці да аўтамабіля. Аляксей Улюкаеў гатовы супрацоўнічаць са следствам, але віны не прызнае. Цяпер ён пад хатнім арыштам на 2 месяцы. Паводле расейскіх медыяў, у распрацоўцы следчых ёсць і іншыя высокія чыноўнікі: віцэ-прэмʼер Аркадзій Дварковіч, памочнік прэзідэнта Андрэй Белаусаў і дырэктар дэпартаменту Аксана Тарасенка. Таксама кажуць пра памочніцу віцэ-прэмʼера Ігара Шувалава Марыну Раманаву.

«Усе, уключна з вышэйшымі дзяржаўнымі пасадоўцамі, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за такія праступкі», – падкрэсліў прэмёер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

Абставіны арышту Улюкаева – з кейсам долараў у руках – вельмі дзіўныя, і падобныя да ўнутрыкрамлёўскіх інтрыг, кажа заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны. Тым не менш, дадае, што міністр Улюкаеў карупцыянер, толькі судзяць яго не за тое.

«Мы трохі займаліся міністрам Улюкаевым і нават знайшлі ягоны незарэгістраваны афшор у Рэспубліцы Кіпр. Афшор свежы, ён зарэгістраваны ў 2011 годзе, калі Улюкаеў ужо быў першым намеснікам старшыні Цэнтрабанку Расеі, і дзейнічае дагэтуль. Ён аформлены на бацьку Улюкаева, але ў нас няма ніякіх сумневаў, што гэта проста спроба абыйсці антыкарупцыйнае заканадаўства», – заўважыў заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны.

Арышт Улюкаева гэта сігнал іншым чыноўнікам, лічыць Навальны:

«Пуцін баіцца здрады ўласных элітаў. Ён адчувае пагрозу не ад народных хваляванняў, не ад Дзярждэпа ЗША, а менавіта ад магчымай змовы і здрады ўнутры Крамля і ўраду. А каб гэтага пазбегнуць, трэба рабіць тое, што рабілі аўтарытарныя рэжымы за ўсю гісторыю чалавецтва. А менавіта тэрарызаваць уласнае акружэнне».

Таксама пасля арышту ў Крамлі ўзмацняюцца пазіцыі Ігара Сечына – кіраўніка кампаніі «Роснефть», якога лічаць адной з самых давераных асобаў Уладзіміра Пуціна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат». Фота tvc.ru