Агляд падзеяў культуры Аляксандра Герасіменя падтрымала дзяцей з аўтызмам


Аўтызм – не прысуд. Дзеткі з аўтызмам распавядаюць пра сваё жыццё ў межах выставы, якая прайшла ў Дзяржаўным музеі Янкі Купалы.

Экспазіцыю адкрылі яшчэ ў снежні мінулага года: напярэдадні святаў дзецям з асаблівасцямі было прапанавана сабрацца ў музеі і намаляваць свае творы на тэму «Малюем Каляды разам». Цікава, што некаторыя з іх трымалі пэндзлік упершыню ў жыцці.

Кульмінацыяй закрыцця стаў дабрачынны аўкцыён міжнароднай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі».

«Галоўнае, што ўсе людзі даведаюцца, што ёсць сярод нас такія дзеткі, дзеткі з аўтызмам, якім патрэбны адмысловы падыход, у якіх ёсць пэўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца і дзеці, і іх бацькі штодзень», – распавядае арганізатарка, працаўніца дзяржаўнага музею Я. Купалы Вольга Пархімовіч.

Праект падтрымалі беларускія музыкі, спартоўцы, грамадскія дзеячы, а таксама мастакі, якія на знак салідарнасці выставілі на продаж свае творы. Імпрэза суправаджалася выступамі спевака і шоўмена Дзядзькі Вані, фальклорнага ансамблю «Дударыкі» ды выхаванцаў Нацыянальнага цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Падтрымала дзетак і заслужаны майстар спорту па плаванні Аляксандра Герасіменя: «Для мяне важна, бо я адчуваю цяпло і шчырасць кожнага дзіцяці, калі з ім размаўляю. Я бачу нават пры размове, што я дарую нейкую рэштку сябе і атрымліваю ад яго рэштку яго. І гэта зараджае мяне на нейкія далейшыя, можа быць, нават здзяйсненні і поспехі».

Сабраныя грошы арганізатары плануюць аддаць у фонд міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», якая з 2011 года падтрымлівае бацькоў дзяцей з аўтызмам і яднае больш за 200 сем’яў ва ўсёй Беларусі.

Марыя Арцыбашава, Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Памёр гарадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін.
  • «Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы» – з’явілася пагадзіннае даследаванне аперацыі «Багратыён».
  • Архідэі з усяго свету сустрэліся ў Лондане.
Каментары