Гарачы каментар Аляксандр Класкоўскі: Сустрэча Сярэдзіча з Лукашэнкам – відавочны піяр-жэст


Хутчэй сядаць за круглы стол з грамадствам прапанаваў Лукашэнку галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч. Сустрэча сам-насам адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці і цягнулася 2 гадзіны.

Паводле самаго Сярэдзіча, уражанні ад размовы ў яго станоўчыя, а на спатканне ён ішоў не патрабаваць, а прапаноўваць. Пры абмеркаванні агульнанацыянальных пытанняў галоўны рэдактар «Народнай волі» прапанаваў Лукашэнку ўзяць прыклад з кіраўніка камуністычнай Польшчы Войцеха Ярузэльскага, які напрыканцы 80-х сеў за стол перамоваў з апазіцыяй.

Візіт Сярэдзіча да Лукашэнкі каментуе Аляксандр Класкоўскі. На думку палітычнага аглядальніка, гэта сустрэча – відавочны піяр-жэст.

Такая сустрэча была патрэбная, бо крызіс, улада слабее. З іншага боку бярэ за гарляк Расея, таму трэба шукаць іншыя пункты апірышча ў грамадстве. Дэманстраваць дэкаратыўны дэмакратчычны працэс перад Захадам. Але вялікае пытанне, ці гатовая ўлада ісці на сапраўдны дыялог.

Я не ўпэўнены, што паралель з Ярузэльскім спадабалася Лукашэнку. Не кажучы ўжо пра тое, што сённяшняя беларуская апазіцыя нашмат слабейшая, чым колішняя польская «Салідарнасць». У Беларусі эканамінчная сітуацыя кепская, але народ збольшага бурчыць на кухні. Акрамя таго мы ведаем, што пасля таго, як Ярузэльскі мірным шляхам перадаў уладу Валенсе ў новай Польшчы, яго гістарычны крок ацанілі не ўсе. Неаднаразова яго спрабавалі судзіць. Не думаю, што Лукашэнка хоча апынуцца ў такой сітуацыі.

Лукашэнка ўжо баіцца друкаваць пустыя грошы, хоць і хацеў бы даць усім па «пяцьсот».

Пасля Крыму ўлады перагледзелі свой падыход да незалежных медыяў. Ва ўсякім разе адзін кірунак іх працы – антыімперскі – як раз уладзе сёння патрэбныя. Незалежная прэса выступае супраць экспансіі «рускага свет» экспрэсіўна і з аргументацыяй, чым робіць і патрэбную працу для ўладаў. Але нельга кіраваць так незалежнай прэсай, каб супраць расейскай экспансіі выступала, а тутэйшы рэжым не чапала. Гэта тады будзе не незалежная прэса. Таму ва ўлады з’яўляецца галаваломка і ментальны тормаз.

Поўную размову Таццяны Рэўт з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў «Гарачым каментары».

ДР belsat.eu

Каментары