Аляксандр Класкоўскі пра новага міністра адукацыі: Мяккая беларусізацыя можа затармазіцца


Чарговае «ператрахванне» ўраду. Аляксандр Лукашэнка прызначыў або даў згоду на прызначэнне амаль двух дзясяткаў чыноўнікаў. Літаральна дзесяць дзён таму кіраўнік краіны нечакана звольніў кіраўніцтва сваёй жа адміністрацыі. Ну вось і сёння – зноўку «паператрахваў».

Пры гэтым, яшчэ не прыступіўшы да сваіх новых абавязкаў, прынамсі некаторыя з прызначэнцаў выклікаюць неадназначную рэакцыю ў неабыякавых грамадзянаў. Гэтак, да прыкладу, новым міністрам адукацыі стаўся лідар праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка, які адзначыўся, у прыватнасці, тым, што ўсталяваў апошні ў свеце помнік Леніну – каля прахадной Менскага трактарнага заводу.

«Часткова гэта чаканыя замены, – заўважыў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Напрыклад, крэсла міністра сацыяльнай абароны было вакантнае ўжо даволі даўно пасля таго, як ранейшая міністарка Марыяна Шчоткіна фармальна была выбраная, але фактычна атрымала прызначэнне ў Савет Рэспублікі і стала там віцэ-спікерам. А месца такое гарачае, з сацыяльнай абаронай усё цяжэй. Іншая рэч – адкуль узяць рэсурсы на яе, калі даводзіцца падцягваць паясы. Новы міністр, відаць, будзе добра чухаць патыліцу над гэтым пытаннем».

Адмысловец адзначыў, што прызначэнні часткова нарабілі ўжо шуму сярод каментатараў і ў сацыяльных сетках.

«На першым месцы паводле сенсацыйнасці, напэўна, са знакам мінус стаіць прызначэнне спадара Карпенкі на пасаду міністра адукацыі. І тут, я б сказаў, не найперш у тым загваздка, што ён камуніст, а праблема ў тым, што ён відавочны артадокс, бо сама гэтая ідэалогія замшэлая, а сёння менавіта ў адукацыі патрэбныя рэформы. І яны сяк-так там ішлі, бо Беларусь далучылася да Балонскага працэсу, а як будзе цяпер – гэта вялікае пытанне», – сказаў госць «Гарачага каментара».

Паводле Аляксандра Класкоўскага, з новым міністрам адукацыі можа затармазіцца нават так званая мяккая беларусізацыя. На думку адмыслоўца, Аляксандр Лукашэнка такім кадравым рашэннем можа дэманстраваць лаяльнасць Маскве, якая насцярожылася пасля арыштаў адэптаў «русского мира».

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu