Аляксандр Класкоўскі: Перапісаць Канстытуцыю – і хочацца, і колецца


З вясною ўсё больш актыўнымі робяцца размовы пра чарговыя змены ў Канстытуцыі. У Дзень Саюзнай дзяржавы пра магчымы рэферэндум у Беларусі загаварыла і старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Імавернасць такога кроку ўладаў у студыі «Белсату» каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Год таму група пад кіраўніцтвам Ярмошынай распрацавала праект зменаў у выбарчае заканадаўства. Распрацавалі таму, што АБСЕ ціснула: пасля парламенцкіх і пасля прэзідэнцкіх выбараў былі распрацаваныя адпаведныя рэкамендацыі што да мадэрнізацыі выбарчага заканадаўства. І гэты пакет даўно гатовы. А пра рэферэндум гаворка ідзе вельмі туманна. Пра яго Лукашэнка казаў яшчэ ў 2012-м кітайскім журналістам. Нядаўнія заявы Лукашэнкі пра рэферэндум – вельмі супярэчлівыя: маўляў, гэта не тэрміновае пытанне. Разам з тым прагучала з ягоных вуснаў, што, магчыма, цягам году трэба будзе зрабіць новы праект канстытуцыі», – кажа Класкоўскі.

На маю думку, правесці рэферэндум і хочацца, і колецца. Хочацца таму, што бярэ зайздрасць: усе постсавецкія аўтарытарныя кіраўнікі даўным-даўно перапісалі канстытуцыі гэтак, як ім зручней, забяспечыўшы сабе пажыццёвае панаванне і вельмі зручныя варыянты транзіту ўлады – хто жонцы, як Аліеў, хто сыну – як Рахмон. У таго ж Пуціна – шэсць гадоў паўнамоцтваў. У Аліева – сем. Беларускі лідар думае, чым ён горшы. З іншага боку, ён разумее, што зрабі кадэнцыю ў сем гадоў – гэта кісла сустрэне беларускі электарат, – дадае Аляксандр Класкоўскі.

Падрабязней – у «Гарачым каментары»