Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка чыста эмацыйна вельмі раздражнёны, што нічога не атрымліваецца


Часы гэткія, што трасе нават Адміністрацыю Лукашэнкі. У адстаўку сёння пайшлі яе кіраўнік Аляксандр Косінец ды ягоны першы намеснік Канстанцін Мартынецкі. Афіцыйная прычына – пераход на іншую працу.

А вось іншы намеснік Косінца – Валеры Міцкевіч – наадварот пайшоў на павышэнне і змяніў на пасадзе свайго ўжо былога начальніка. Дагэтуль Міцкевіч курыраваў законатворчую дзейнасць. Цікава, што новы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі ажно дзявяты па ліку. То бок ачольваць ведамства, якое забяспечвае дзейнасць кіраўніка краіны, у тым ліку і ў кадравай галіне атрымліваецца ў сярэднім крыху больш за два гады.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў, што сімптомы незадавальнення працай Адміністрацыі з боку Аляксандра Лукашэнкі былі ўжо раней, але гэтыя заўвагі не былі настолькі рэзкімі, каб меркаваць пра сыход Косінца з пасады кіраўніка Адміністрацыі.

Палітолаг заўважыў, што Адміністрацыя фармальна мусіць забяспечваць дзейнасць лідара дзяржавы, але ў нашай краіне гэтае ведамства адказвае за шмат якія справы.

«Па-ранейшаму ў нас палітыка, у тым ліку эканамічная, у значна большай ступені фармуецца на Карла Маркса, 38 (адрас Адміністрацыі кіраўніка краіны – рэд.), чым у Доме ўраду. Сёння мне здаецца, што Лукашэнка чыста эмацыйна вельмі раздражнёны тым, што нічога не атрымліваецца. Па ўсіх азімутах суцэльныя правалы, і яму хочацца, каб нейкі прыйшоў выканаўца, які быў бы з аднаго боку традыцыйным, не думаў пра нейкія рэвалюцыйныя змены, а з іншага боку змог бы з гэтай старой сістэмы выціскаць болей. Хаця, мне здаецца, тут тая сітуацыя, калі ўжо вычарпала ўвесь рэсурс сама сістэма», – адзначыў спадар Класкоўскі.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu