Актывістка распавяла, як збіралі грошы для Ніны Багінскай, якая «трапіла» пад канфіскацыю


«Гэта былі простыя людзі, ніхто з нейкіх менавіта палітычных партыяў афіцыйна не абвяшчаў, што хочуць дапамагчы спадарыні Ніне Багінскай. Проста далучыліся людзі, нават не магу сказаць, хто яны, бо збор быў абвешчаны як пераводы на картку альбо перадавалі наяўныя. Сабралі літаральна за пяць дзён», – распавядае Юлія Сцяпанава пра тых, хто вырашыў «скінуцца» на пральную машыну і мікрахвалёўку для грамадскай актывістцы.

Юлія Сцяпанава тлумачыць, чаму арганізавала збор сродкаў:

«Ніна – гэта сімвал. Тут не варта рабіць акцэнт на тым, што гэта нейкая палітычная акцыя, проста хацелі дапамагчы чалавеку. Улады незаконна пазбавілі яе рэчаў. У майго мужа была таксама канфіскацыя, у нас канфіскавалі ўсяго агулам на Br 37 млн. Мы былі ў такой жа сітуацыі і таму як тут не дапамагчы? У яе шмат унукаў, ёй малы сямімесячны праўнук, без пральнай машыны яны проста не змогуць зараз абыходзіцца».

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» заўважае, што пакаранне штрафамі ўдзельнікаў вулічных акцыяў ператварылася ў сістэму:

«Гэта нядрэнны спосаб атрымання прыбытку для нашай дзяржавы. Грошай няма, а тут можна нядрэнна зарабіць. Яны ж апошнім часам штампуюць штрафы направа і налева. Яны ўжо пачалі выкарыстоўваць такую практыку, калі людзей судзяць за адну акцыю адразу паводле двух артыкулаў. То бок непадпарадкаванне міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».