«Аграшляхта» у Гомлі прэзентавала кнігу пра малпаў


Кніг пра малпаў у свеце не так і шмат, сцвярджае ўкраінскі пісьменнік і мастак Іван Сэмэсюк. Адну з іх у перакладзе на беларускую мову прэзентавала ў Гомлі творчая суполка «Аграшляхта». Гэта адзіная прэзентацыя перакладу ў Беларусі.

Пераклаў з украінскай кнігу «Эвалюцыя або смерць. Прыгоды павіяна Томаса» Алесь Плотка, а рэдагаваў Сяргей Прылуцкі. Пераклад зрабілі вельмі хутка.

«Звычайна паміж нашымі краінамі даволі доўга адбываюцца пераклады, я ўсцешаны, што гэта адбылося ў хуткім рэжыме: толькі напісана – і праз паўгода-год яно выходзіць па-беларуску», – цешыцца Алесь Плотка.

Іван Сэмэсюк перакладам задаволены:

«Пераклад вельмі адэкватны, вельмі вясёлы, уся гэтая гісторыя заззяла нейкімі іншымі вымярэннямі, іншымі гранямі, і я вельмі задаволены вынікам. Плюс у кніжцы мае аўтарскія ілюстрацыі».

У кнізе распавядаецца аб прыгодах ачалавечанай ды ўкраінізаванай малпы Томаса.

«Калі вы хочаце проста пасмяяцца – кніжка някепска для гэтага падыходзіць. Калі вы хочаце падумаць пра высокія матэрыі – пра гэта таксама там ёсць. Ну і калі вы хочаце падцягнуць веданне беларускай – яна таксама някепска падыходзіць», – сцвярджае аўтар.

Першая ўкраінска-беларуская сустрэча творчай суполкі «Аграшляхта» прайшла ў Кіеве мінулай восенню.

«У Сэмэсюка ёсць такі тэрмін для ўкраінцаў – «аграэльфы», і мы абʼядналі беларускую шляхту з украінскімі аграэльфамі і атрымалася аграшляхта», – узгадвае паэт Сяргей Прылуцкі.

Цяпер «Аграшляхта» з Гомля кіруецца ў Чарнігаў з наступнымі прэзентацыямі кнігі ды творчымі выступамі.

Іншыя тэмы:

  • фестываль незалежнага эксперыментальнага мастацтва «Heart for Art» адбыўся ў менскай прасторы «Верх»
  • тыдзень Швецыі ў Менску распачаўся прэзентацыяй кніжак Свэна Нурдквіста
  • гарадзенцы сустрэліся з Лэры Каброўскім, нашчадкам эмігрантаў з Гарадзеншчыны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»; Фота – Old Fashioned Radio