Агляд падзеяў культуры Адзенне без бар’ераў


Паміж намі няма розніцы і ў той жа час усе мы розныя – такую важную думку хацела данесці дызайнерка Кацярына Цікота. Упершыню ў Беларусі яна стварыла калекцыю інклюзіўнага адзення, паказ якога адбыўся ў Нацыянальным аэрапорце.

У Беларусі жывуць 20 тысячаў інвалідаў-вазочнікаў, гэта параўнальна з насельніцтвам невялікага гораду. І яны маюць патрэбу прыгожа, а, галоўнае, зручна апранацца. Звычайная вопратка з крамаў не пасуе, тлумачыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко.

«Вось на мне касцюм, шмат хто падыходзіць і кажа: «Які прыгожы касцюм, дзе браў?» Насамрэч, шмат якія часткі цела на мне цяпер аголеныя ці напаўаголеныя, гэта адна з праблемаў, якія адчуваюць амаль усе людзі ў вазках».

Нагавіцы мусяць быць сканструяваныя так, каб чалавек мог надзець іх, седзячы ў вазку, пас мусіць быць вышэйшы, маланка даўжэйшая, а кішэні ў зручных месцах – у інклюзіўнага адзення цэлы шэраг адрозненняў. Кацярына Цікота ў межах свйго брэнду «TICOTA UNIQUE» разлічвае на тое, што ейную працу пабачыць і дзяржаўная вытворчасць.

«Хацелася б, каб гэта можна было далей развіць на ўзроўні нейкай вытворчасці, якая будзе зацікаўленая. Будзем радыя, калі легпрам зверне ўвагу на гэтую праблему».

Мадэлямі сталі актыўныя і вядомыя людзі ў вазках – паралімпійскія чэмпіёны Людміла Воўчак і Аляксандр Трыпуць, вандроўнік і блогер Аляксандр Аўдзевіч, які, дарэчы, і прапанаваў ідэю праекту. На подыум у такім адзенні выйшлі і медыяперсоны – тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі і Міс Беларусь – 2008 Вольга Хіжанкова.

Большасць была на подыуме ўпершыню, як Наталля Астатніна, якая займаецца танцамі ў вазку і парашутным спортам:

«Я была вельмі радая ўпершыню адчуць сябе мадэллю, прайсціся па подыуме, гэта незабыўны досвед».

Паказ адбыўся ў аэрапорце, дзе створаны безбар’ерны асяродак. Да таго ж, самая калекцыя прысвечаная лётная тэме – каб паказаць адсутнасць бар’ераў паміж краінамі ды людзьмі.

Іншыя тэмы:

Хто атрымае «Залатую пальму»?
Космас Язэпа Драздовіча ў Магілёве.
Ад ідэі – да падзеі. Крэатыўная Гомельшчына.

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Каментары