Паміж Менкай і Нямігай


Менск – сённяшняя сталіца Беларусі, у сярэднявеччы быў не самым значным горадам краіны, але і не апошнім.

У XII ст. стаў цэнтрам моцнага ўдзельнага княства Полацкай зямлі, а ў часы Вялікага Княства Літоўскага ўваходзіў у шэраг найбуйнейшых гарадоў дзяржавы. Дарэчы, правільна казаць менавіта Менск, бо «Мінск» – спаланізаваная форма, перанятая расейскай акупацыйнай адміністрацыяй у канцы XVIII ст. Назва «Менск» была вернутая ў 20-я гады мінулага стагоддзя, але зноў забароненая камуністамі ў сталінскім 1939-м.

Адкуль пачыналася сталіца Беларусі? Дзе быў пачатковы Менск, на Старым замку, пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач ці 16 кіламетраў далей на паўднёвы захад, там, дзе ў Пціч упадае рэчка Менка? Як выглядала ўязная брама на Старым замку? Калі пачалі і чаму не закончылі пабудову першай мураванай менскай царквы на тым жа замку? Гісторыя сталіцы актыўна вывучаецца сканцэнтраванымі тут гісторыкамі і археолагамі, якія напісалі безліч артыкулаў і кніжак пра яго мінулае. Але шмат што надалей застаецца загадкай.