Асабісты капітал Адарвала пальцы на вытворчасці, цяпер дакажы, што інвалід?


«Няважна, што няма трох пальцаў ды засталася палова кісці – групы няма! Цяпер атрымліваецца, што я не інвалід», – Вольга Федасенка з Магілёва адзінаццаць гадоў працуе ў домабудаўнічым камбінаце кранаўшчыцай. У леташнім лютым на працоўным месцы яна пашкодзіла левую руку – сямітонная пліта пазбавіла яе трох пальцаў.

Жанчыне зрабілі некалькі аперацыяў, але выратаваць пальцы не атрымалася – пачалася сухая гангрэна. Давялося ўсё рабіць адной рукой. Спачатку медычная камісія канстатавала страту шасцідзесяці адсоткаў працаздольнасці ды прызначыла жанчыне трэцюю групу інваліднасці.

Цяпер Вольгу зрабілі на камбінаце кладаўшчыцаю. Ейны заробак з былых сямісот рублёў зменшыўся да двухсот пяцідзесяці, яшчэ сто сорак рублёў жанчына атрымоўвае праз страхоўку. Але і гэтыя рублі забіраюць: праз год медычная камісія зменшыла ступень страты працаздольнасці да дваццаці чатырох адсоткаў і пазбавіла Вольгу інваліднасці.

«Я кажу: раз я не інвалід, я нармальны чалавек – то магу зноў ісці працаваць на кран? Правільна? Я так разумею? А мне кажуць: не, вы не пройдзеце медкамісію», – апавядае жанчына.

Аднак некаторыя належныя кампенсацыі жанчыне атрымалася адсудзіць у працадаўцы. Вольга мусіла атрымаць шэсцьдзясят сярэднемесячных заробкаў, па адным за кожны працэнт страты працаздольнасці. Жанчына падала ў суд, і той стаў на ейны бок. Да таго ж Вольга адстаяла кампенсацыю маральнае шкоды.

«Суд часткова задаволіў нашыя патрабаванні. Мы прасілі каля 250 мільёнаў старымі грашыма. Праўда суд чамусьці вырашыў, што яна ня так моцна пацярпела», – каментуе юрыст прафсаюзу РЭП у Магілёве Аляксандр Хамратаў.

Агулам прадпрыемства ўжо выплаціла работніцы каля 3 тыс долараў кампенсацыі, яна чакае на выплату яшчэ 10 тысяч долараў. І рыхтуецца, што ў лістападзе кіраўніцтва не працягне з ёй кантракт.

Як адсудзіць у працадаўцы належную кампенсацыю – глядзіце ў поўным выданні праграмы «Асабісты капітал»:

Каментары