А вы б так змаглі? Як ёгі сплаўляліся па Бярэзіне


Незвычайнае судна прыцягнула ўвагу людзей на рацэ Бярэзіне. Каля дзясятка чалавек сабраліся пазаймацца ёгай. На плыце праходзілі і іншыя майстар-класы для здаровага ладу жыцця.

На чайнай цырымоніі можна было пакаштаваць розныя гатункі гарбаты з Кітаю і Японіі, былі і заняткі па гатаванні вегетарыянскай ежы. Сапраўдны рэлакс атрымаўся на занятку ёга-нідры са спеўнымі чарамі. Ёга-нідра – гэта псіхічны сон, які таксама называюць «сон ёгаў». Як кажуць майстры, галоўнае на такім сеансе – не заснуць, бо адна гадзіна ёгі-нідры роўная чатыром гадзінам сну.