50 тысячаў новых працоўных месцаў. Ці рэальныя планы ўраду?


«Мэта гэткіх заяваў – змяншэнне напалу сацыяльных праблемаў у Беларусі. Ні для каго не сакрэт, што назіраецца рост пратэставых настрояў. Насельніцтва рэальна адчувае, наколькі зніжаюцца іхныя рэальныя заробкі і ў доларавым вымярэнні, і ў пакупніцкай здольнасці. «Таму, каб знізіць напал, робяцца такія заявы», – зазначае эканаміст Аляксандр Сянкевіч.

Айчынны рынак працы яшчэ з мінулага года пачаў скарачацца. У студзені звольнілі каля 44 тысячаў асобаў, а прынялі на працу толькі 37 тысячаў. Прычына гэтага – скарачэнні вытворчасці ў выніку эканамічнага крызісу ў нашай краіне і Расеі. Стварэнне новых месцаў працы – не тая праблема, якую ў першую чаргу мусіць развязваць урад.

«Яны ў прынцыпе рэальныя, не такія вялікія прынамсі. Але праблема ў тым, што тыя рынкі, на якія скіраваная беларуская эканоміка, перабываюць ў дэпрэсіі. Таму стварыць – мы створым, але ці будуць яны занятыя і ці будуць прыносіць прыбытак для беларускай дзяржавы? Таму спачатку трэба знайсці куды прадаваць тое, што мы будзем ствараць, а ўжо пасля ствараць і пяцьдзясят і пяцьсот тысячаў», – дадае Аляксандр Сянкевіч.

Чыноўнікі перакананыя, што дадуць рады стварыць 50 тысячаў працоўных месцаў, хоць нават паводле афіцыйнай інфармацыі рэальна пакуль атрымліваецца выйсці на ўдвая меншую лічбу. Якім чынам урад будзе дасягаць мэты – не паведамляецца. Найбольш просты шлях – стварэнне ўмоваў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, а таксама прыход у Беларусь еўрапейскіх інвестараў, што стала магчыма пасля адмены санкцыяў з боку Бруселю ў дачыненні афіцыйнага Менску.

Сколкава ў Менску. Расейцы палююць на беларускія стартапы

Расейцы прыглядаліся да беларускіх стартапаў. Фонд «Сколкава» ў межах праекту па пошуку перспектыўных інавацыйных тэхналогіяў і рашэнняў правёў у Менску чарговы стартап-тур. Сярод 500 удзельнікаў абралі найбольш цікавыя праекты, стваральнікаў якіх запрашаюць на працу ў Маскву.Маскоўскі Стартап-тур з прыпынкам у Менску. Адна з самых буйных платформаў Расеі – у пошуку і матывацыі перспектыўных праектаў у сферы высокіх тэхналогіяў усё больш пільную ўвагу надае дзейнасці ў Беларусі. Другі год запар фонд «Сколкава» праводзіць у нашай краіне конкурс і запрашае адмыслоўцаў у сферы IT.

«Галоўная асаблівасць зʼяўляецца – тое, што праекты, якія мы разглядаем у межах стартапу – гэта патэнцыйна тыя праекты, якія ўжо заўтра згенеруюць новыя працоўныя месцы. Гэта зусім не тур для моладзі, не для пі-ару, але гэта працоўны інструмент, каб ужо заўтра тут і ў іншых краінах ствараліся новыя працоўныя месцы». – распавядае Пэка Вілякяйнэн, дарадца прэзідэнта фонду «Сколкава».

На сёлетнім менскім конкурсе стартап-туру зарэгістраваліся каля 500 беларускіх удзельнікаў, якія прадставілі сотні праектаў. Журы фонду «Сколкава» абрала толькі 15 пераможцаў у пяці розных намінацыях.

«Мы ўжо неаднаразова бралі ўдзел у гэтых праектах, але сёлета мы выйшлі на этап рэальнай вытворчасці, рэальнага продажу, а таксама клінічнага выпрабавання нашай тэхналогіі. Таму жадаем яшчэ раз заявіць пра сябе, пра нашыя поспехі ў гэтым кірунку», – дзеліцца Уладзіслаў Лукашэвіч, удзельнік «Startup Tour».

Колькасць рэзідэнтаў з Беларусі ў Сколкава нязначная – толькі дзевяць камандаў. Але цікавасць фонду да адмыслоўцаў з нашай краіны вельмі высокая. Дзякуючы стартап-туру прадстаўнікі расейскіх кампаніяў спадзяюцца на пашырэнне супрацы з адмыслоўцамі нашай краіны.

«У Беларусі наспеў час для стварэння гэткага, як і ў Расеі «Сколкава». Бо тут патэнцыял проста вялізарны, камерцыялізацыя, навуковыя распрацоўкі на вельмі высокім узроўні. Таму, вядома, мы чакаем калег з Беларусі ў «Сколкава», заахвочваем рэгістравацца ў нас рэзідэнтамі і развіваць свае праекты як у Беларусі, гэтак і ў Расеі. І жадаю вам стварыць сапраўдную інавацыйнаю даліну», – мяркуе Андрэй Ягораў, выканаўчы дырэктар універсітэту «Сколкава».

Стартап-рух у Беларусі ў апошнія гады развіваецца досыць эфектыўна. Колькасць інавацыйных ідэяў, цікавых праектаў, якія могуць прынесці нават сусветную вядомасць, заўважна павялічваецца. Бізнес-супольнасць пачынае разумець выгаду стартапаў і гатовая ўкладваць сродкі ў іх развіццё.Аляксей Мінчонак, Белсат