У Менску адкрылася выстава аўтарскіх лялек


Тэкстыльныя, драўляныя і выкшталцоныя з парцаляны – лялькі вабяць невытлумачальнай магіяй усіх, незалежна ад узросту. У Менску ў межах міжнароднага праекту «Панна Doll’я» адкрылася выстава аўтарскіх лялек, дзе свае працы прэзентавалі найлепшыя майстры з Беларусі ды ваколіцаў.

Апрача звыклых, ёсць там і абсалютныя лялечныя рарытэты, як, напрыклад, драўляныя шарнірныя лялькі аўтарства мастака з Бярозаўкі Яўгена Лукашэвіча: «Калі вы зойдзеце ў любы пошукавік, «Google» ці «Yandex», і набераце «драўляная шарнірная лялька», выскачыць, можа, адзін майстра, можа, два максімум, дзесьці ў Злучаных Штатах, якія рэжуць шарнірных лялек з дрэва, але яны не такія вылашчаныя, як мае лялькі».

Лялькі Яўгена нараджаюцца, як мае нараджацца ўсё, – з любові. Адна з іх – беларуская амазонка.

Падобны сакрэт творчасці ў яшчэ адной мастачкі, Тэрэзы Трухановіч – хоць яе лялькі адрозніваюцца прынамсі выглядам і першакрыніцай: «Гэта мішкі Тэдзі, самыя сапраўдныя і правільныя, паводле тэхналогіі, распрацаванай больш за сто гадоў таму. Яны набітыя пілавіннем, цяжкія, шчыльныя, але напоўненыя яны не толькі пілавіннем, яны напоўненыя любоўю».

Кажуць, у кожнага мусіць быць свой мядзведзік. Але нават калі яго няма, можна проста паглядзець і на момант вярнуцца ў дзяцінства. Цікаўныя змогуць даведацца і гісторыю лялькі – ад антыкварнай да сучаснай, ад масавай да аўтарскай, а працаваць выстава ў межах праекту «Панна Doll’я» будзе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў па адрасе праспект Незалежнасці, 47 у Менску да 4 лютага.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Калядная гасцёўня Галубка

«Post Scriptum Jazz» і джаз-серады ў «Графіці».

Каліграфія – значыць мастацтва.

Вольга Гардзейчык, Настасся Храловіч, «Белсат»