Свет 20 гадоў са дня смерці Дудаева


Два дзесяцігоддзі таму ў выніку спецаперацыі расейскіх вайскоўцаў быў забіты першы кіраўнік Чачэніі Джахар Дудаеў. Як змянілася з таго часу Чачэнія?https://www.youtube.com/watch?v=a94K5LzIMj0Дэ-факта незалежнасць Чачэнія атрымала на пачатку 1990-х. На выбарах 1991 года Джахар Дудаеў атрымаў 90 % галасоў і стаў першым прэзідэнтам Чачэніі. Пасля пачатку пешай чачэнскай вайны ў 1994 годзе яго тройчы спрабавалі забіць. Чацвертая спроба дасягнула мэты.

«20 гадоў таму ў выніку авіяўдару быў забіты Дудаеў. Такім чынам федэральныя ўлады спрабавалі вырашыць праблему сепаратызму, насамрэч усе гэтыя 20 гадоў, тое што выдавалася за спосаб вырашэння праблемы, толькі пагаршала сітуацыю», – адзначае кіраўнік праваабарончага цэнтру «Мемарыял» Аляксандр Чаркасаў.

Паводле праваабаронцы, Джахар Дудаеў быў фігураю, з якою Крэмль мог дамовіцца, бо ён належаў да савецкай эліты, быў генералам ўзброеных сілаў СССР і па вялікім рахунку, кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру «Мемарыял», на самой справе аб фактычным аддзяленні рэспублікі на пачатку 1990-х гаворка не ішла, як не было і ісламізацыі рэгіёну. Але ў Маскве патрабавалі перамогі, а не перамоваў.

«Ёсць у мяне дакументавання сведчанні, што ў Крыме падрыхтаваны такі самы сцэнар», – казаў Джахар Дудаеў.

Праз сталае адмаўленне ад перамоваў ішла паступовая радыкалізацыя чачэнскіх узброеных фармаванняў і кожны наступны лідар быў усё менш і менш дамоваздольным. Цяпер Масква атрымала тое, пра што палітыкі казалі ў 1990-х: на дадзены момант узброеныя групоўкі на Паўночным Каўказе выведзеныя з палітычнага поля і з іх лідарамі немагчыма весці перамовы.

«Зараз узброенае падполле на Каўказе кажа пра адзінства з «Ісламскаю дзяржаваю». З іншага боку Кадыраў выстраіў мясцовае самакіраванне, спыніў вайну, але незалежнасці ў яго больш чым у Дудаева і Масхадава разам узятых», – працягвае Аляксандр Чаркасаў.

На пытанне, чаму вайна ў Чачэніі пачалася менавіта ў 1994 годзе, хоць фактычна Масква не кантралявала рэгіён ад пачатку 1990-х наш суразмоўца кажа – вырашалі выключна электаральныя пытанні, спрабавалі падняць рэйтынг Барыса Ельцына. Але сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

«Напрыканцы 1993 года сітуацыя памянялася, калі прайгралі выбары камуністам і было прынятае рашэнне зрабіць нешта патрыятычнае і вярнуць у лона імперыі адарваную правінцыю», – мяркуе Аляксандр Чаркасаў.

Афіцыйных звестак пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва ў Чачэніі няма да гэтага часу. Паводле праваабаронцаў, гаворка ідзе пра 120 тыс. асобаў. Сотні тысяч выехалі з рэгіёну, у тым ліку ў Еўропу. З моманту забойства Дудаева Чачэнія ператварылася ў амаль непадкантрольны субʼект Расейскай Федэрацыі, дзе дзейны кіраўнік Рамзан Кадыраў мае культ асобы, уласнае войска і дэкларуе, што падпарадкоўваецца толькі Уладзіміру Пуціну.

Тэгі: 
Каментары