«11 красавіка» – пʼеса пра дзень, што змяніў жыцці


Дзень, калі ў менскім метро прагрымеў выбух, незваротна змяніў жыцці менчукоў. Як склаліся лёсы пацярпелых у тэракце і што яны адчуваюць праз гады пасля трагедыі? У прасторы «Цэх» адбылося сцэнічнае чытанне пʼесы пад назваю «11 красавіка».

Нявыдуманыя гісторыі людзей, якія апынуліся ў той вечар на станцыі «Кастрычніцкая», сталі асноваю спектаклю. Шматгадзінныя гутаркі з героямі запісалі студэнты каледжу ECLAB, а драматург Канстанцін Сцешык звёў гэтыя дыялогі ў адзін тэкст. Сюды ўвайшлі сведчанні не толькі пацярпелых, якія былі ў эпіцэнтры выбуху, але і відавочцаў, што праходзілі побач, і нават тых, хто быў зусім далёка, але, як і тысячы менчукоў, зацята тэлефанаваў родным і сябрам.

«Людзі досыць будзённа распавядалі пра трагедыю, і гэта нас вельмі здзіўляла. Я не магу сказаць, што яны перажылі гэты боль, але не моцна стараюцца паглыбляцца ў яго, не стараюцца ўспрымаць як штосьці страшнае або выключнае ў сваім жыцці», – дзеліцца ўражаннем выпускніца ECLAB Дарʼя Герасіменка.

Самы моцны маналог – беларускага спартоўца Васіля Капцюха, які ў тэракце страціў сына. А таксама гісторыя доктара, які выносіў людзей з падземкі ды толькі цяпер распавёў пра свае эмоцыі і страхі. Студэнты ECLAB чытаюць ролі не прафесійна, не па-акторску, і, магчыма, праз гэта лепш адчуваеш, што гаворка не пра далёкую гісторыю, якая ўжо ператварылася ў літаратуру, а пра тое, што адбылося ў нашым горадзе і з нашымі людзьмі.

«Усё адно ком у горле, мурашкі па скуры. Цяпер, вядома, троху на рэпетыцыях гэта ўжо сышло. Але перад гледачом усё па-іншаму, бо глядач сам стварае гэтую атмасферу», – адзначае выпускнік ECLAB Уладзімір Андрыенка.

П’еса дапамагае зразумець, як паводзіцца чалавек падчас трагедыі. Шмат хто з герояў згадвае, што людзі спрабавалі дапамагчы адно аднаму, як маглі.

Іншыя тэмы:

Аўтограф-сесія Людмілы Рублеўскай у «Акадэмкнізе».

«Жарсці па Мацею» мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) прагучалі ў гарадзенскай Евангелістычна-лютаранскай кірсе Святога Іаана.

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, belsat.eu