Агляд падзеяў культуры 100 тамоў класікі


Міцкевіч, Пільштынова, Шамякін, Колас, Купала, Караткевіч, Адамчык… Усяго 38 тамоў, выдадзеных менш як за год. У музеі імя Багдановіча адбылася прэзентацыя самай поўнай кніжнай серыі беларускае літаратуры.Адметнасць серыі «Мая беларуская кніга» – кішэнны фармат, невялікі кошт і даступнасць. Беларуская класіка цяпер прадаецца там, дзе яе раней не было: напрыклад, у кнігарнях Oz.by і супермаркетах. І попыт на яе ёсць, кажа выдавец Уладзімір Сіўчыкаў: «Лідар – Уладзімір Караткевіч. І вось мне прыемна, бо ўкладаў гэтыя два томікі беларускага фальклору – «Казкі, легенды, паданні» таксама сярод лідараў. Яшчэ я б вылучыў тамы Кастуся Тарасава. У нас фактычна ў межах гэтай серыі выйдзе ўвесь Тарасаў».Серыю запачаткавала выдавецтва «Папуры», а ўклалі сапраўдныя знаўцы беларускае літаратуры, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Міхась Тычына, Пятро Васючэнка. Кніжны праект ухваліла пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сянкевіч, а Наталля Адамовіч прапанавала да выдання невядомую аповесць свайго бацькі «Венера, або Як я быў прыгоннікам»: «Мы з Міхасём Тычынам адабралі аповесць, якая амаль не вядомая. Калі дару гэтую кнігу людзям, дык потым тэлефануюць уражаныя, бо ніхто амаль не ведаў пра гэтую аповесць. Яна выйшла за паўтара года да ягонага скону ў «Нёмане» – і ўсё. І вось праз столькі гадоў мы змаглі яе ўжо выдаць кніжкаю».Серыя на гэтым не канчаецца. Сёлета плануецца да выдання яшчэ 12 кніг. А ўсяго аўтары праекту разлічваюць выдаць 100 тамоў беларускіх пісьменнікаў.ІНШЫЯ ТЭМЫ: «Абраныя фатаграфіі» Міхаіла Гаруса. «Чатыры» літаратуры – у адным выданні. Прынс – і новыя абставіны.Сяргей Будкін, Наста Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Тэгі: 
Каментары