Максім Чыгунка Зялёны сцяг прарока над Крамлём

публіцыст

Як вядома, Масква – гэта трэці Рым. І як Рым скончыць. Разбурэнні зробяць «варвары» – народы, якія Масква цягам шматлікіх гадоў спрабавала падпарадкаваць, і якія ў выніку самі яе перамогуць. Калі ў забойстве Нямцова сапраўды ёсць чачэнскі след, гэта значыць, што „варвары” спакойна гуляюць пад сценамі Крамля і як у старажытным Рыме, ап’янелыя ад сваёй сілы, могуць скінуць з трону цара трэцяга Рыму.

Тое, як праводзіцца следства ў справе забойства Нямцова, паказвае, што Крэмль спрабуе адцягнуць віну прэзідэнта Рамзана Кадырава. Аднак не для таго, каб яго апраўдаць, а каб схаваць яго растучую сілу.

Трэшчына ў вертыкалі ўлады

Выбудоўваючы сістэму кіравання краінай, альбо „вертыкаль улады”, Пуцін хацеў зрабіць, каб толькі адзін ён быў суверэннай крыніцай улады. Хутка паставіў усіх на месца – там, дзе можна было адмяніў у рэгіёнах непасрэдныя выбары альбо накіраваў сваіх людзей. Адзіным рэальным палітыкам у краіне мусіў быць ён, а ўсе іншыя сталі толькі выканаўцамі яго волі. Пакорліва ўладу аддавалі такія людзі, як мэр Масквы Юрый Лужкоў, які ў свой час быў такім жа моцным як прэм’ер ці прэзідэнт не самай малой еўрапейскай дзяржавы. Адначасова ў гэтай моцнай структуры з’явілася адна раколіна, якая можа перавярнуць уладную вертыкаль, альбо будзе заменена іншай вертыкаллю.

Два „федэральныя” палітыкі

Пуцін ліквідаваў усіх расейскіх палітыкаў акрамя аднаго. Іншы непахісны расейскі лідар, які выказвае амбіцыі не толькі лакальна – Рамзан Кадыраў. Чалавек не толькі па расейскіх мерках звышмоцны – стаіць на чале 20-тысячнага войска паслухмяных яму жаўнераў, які не саромеўся прыбіраць з гэтага свету сваіх ворагаў у Расеі і па-за яе межамі. Кадыраў ужо пачынае прэтэндаваць на ўсерасейскі маральны аўтарытэт: асуджаючы „пятую калону” Захаду ў Расеі, арганізацыі масавых шэсцяў у абарону прарока, альбо нават публічна адмаўляючыся ад Iphone на карысць расейскага смартфона. Такую неабмежаваную ўладу яму даў Пуцін, які дзеля ўтрымання адноснага парадку на Каўказе вымушаны купляць лаяльнасць Кадырава вялікімі датацыямі, якія будуюць магутнасць апошняга і яго клану.

Не трэба хадзіць далёка, каб пабачыць яшчэ адну такую ж сітуацыю. Дакладна так сама Пуцін робіць у стасунку да Лукашэнкі, набываючы яго лаяльнасць таннай нафтай, газам і крэдытамі. Аднак Беларусь усё ж такі суседняя краіна, а не „суб’ект федэрацыі”. І Беларусь не мае досведу ў змаганні з Расеяй у адрозненне ад Рэспублікі Ічкерыя.

Бойся сваіх прэтарыянцаў!

Так, як Рым загубіў празмерны давер да легіянераў, якія паходзілі з варварскіх плямёнаў, так ён можа загубіць і Пуціна, які ў сваёй „спецаперацыі” па вызваленні Данбасу абапёрся на чачэнскіх наймітаў.Кадыраўцы кампактнай групай прайшліся таксама і на маскоўскім антымайданаўскім парадзе. Яны былі ў камізэльках з выявай малодшага і старэйшага Кадыравых.

Кадыраў, называючы схопленых забойцаў Нямцова „патрыётамі”, мяркуе, што забойства магло быць зроблена на карысць Расеі, а чачэнцы ўзялі на сябе няўдзячную ролю выканаўцаў бруднай працы і ачышчэння краіны ад бунтароў. Можа Кадыраў марыць пра прэзідэнтуру Расеі? Чаму б і не. Гісторыя XX стагоддзя паказала, што расейцы на сваім троне могуць прыняць неабавязкова этнічнага расейца. У рэшце рэшт, дагэтуль называецца паважаным лідарам грузін, які дрэнна гаварыў па-расейску і які ў маладосці быў звычайным бандытам. Ці дакладна такім жа, як і чачэнскі прэзідэнт, які калісьці хваліўся, што ў 16 гадоў забіваў расейсіх жаўнераў. Гэтак жа пра ўладу ў Крамлі марыў і Аляксандр Лукашэнка, які бачыў сябе пераемнікам Барыса Ельцына. Пакуль чачэнскі прэзідэнт прэтэндуе на ролю першага абаронцы пуцінскага рэжыму і робіць усё, каб загнаны ў кут Пуцін зрабіў яго кіраўніком сваёй апошняй абарончай лініі. Аднак Пуцін, крыху пачытаўшы старажытную гісторыю, павінен больш баяцца сваіх чачэнскіх прэтарыянцаў, бо менавіта яны могуць вывесіць над Крамлём зялёны сцяг.

 

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары