Аляксандр Гелагаеў Зваліць помнік: вызваленне ці вайна з памяццю?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Калі ў ЗША ў мінулым месяцы пачалі падаць помнікі жаўнерам і генералам Канфедэрацыі, многія і ў Беларусі, і за яе межамі пачалі параўноўваць гэты працэс з «ленінападам» ва Украіне. І патрапілі ў банальную пастку – не ўсё тое, што выглядае падобным, ёсць падобным па сутнасці.

Многія помнікі могуць некалі захістацца і ў нас, таму варта даць сабе рады з тым, якім помнікам няма ў Беларусі месца, а якім ёсць. Давайце на ўкраінскім і амерыканскім прыкладах падумаем, калі варта, а калі не варта ламаць манументы.

«Таварыш, а ўкраінцы ўжо сышлі?»

З такім пытаннем на вядомай фотажабе звяртаўся помнік Леніну спалоханы дзеяннямі жыхароў украінскіх гарадоў падчас Рэвалюцыі годнасці. Нават сама актыўная фаза рэвалюцыі ў пэўнай ступені пачалася з 8 снежня 2013 году – менавіта ў той дзень быў збіты на зямлю помнік лідару расейскіх камуністаў у Кіеве.

Менавіта гэтая акцыя стала дэманстрацыяй сілы пратэстоўцаў, паказала, што дзяржаўныя сілы правапарадку ўжо пазбавіліся манаполіі на ўжыванне гвалтоўных метадаў змагання.

Знос помніка Леніну ў Кіеве 8 снежня 2014 года. Фота: pixanews.com

Такім чынам у Украіне звяржэнне помнікаў Уладзіміру Леніну мела і практычны, і сімвалічны змест. З аднаго боку гэта было важным актам рэвалюцыі – якая мае правыя перакананні, а найбольш актыўная частка Еўрамайдану фізічна зафіксавала такім чынам сваю прысутнасць на мапе Кіеву.

Падзенне Леніна стала яскравым вобразам паўстанцкага нацыянальнага і антыкамуністычнага характару Еўрамайдану, які ў той жа дзень падчас новай шматтысячнай акцыі пратэсту стварыў барыкады ва ўрадавым квартале Кіева. Замест фігуры «правадыра» на пастаменце былі ўзнятыя нацыянальны жоўта-блакітны сцяг і чырвона-чорны сцяг Украінскай паўстанцкай арміі.

Пастамент помніка Леніна ў Кіеве 8 снежня 2014 года. Фота: wikipedia.org

Узнялася хваля ліквідацыі «ленінаў» у іншых рэгіёнах краіны, якая стала сімвалам перавагі і актыўнасці той ці іншай палітычнай сілы ў кожным канкрэтным раёне. Масавы «ленінапад» на заключных этапах Рэвалюцыі годнасці адлюстроўваў і пераможнае шэсце Еўрамайдану, і ягоныя межы – камуністычныя ідалы засталіся стаяць у Крыме, у Данецку, у Луганску.

Знішчаючы помнікі Леніну ўкраінцы такім чынам дэманстравалі сваё вызваленне ад савецкай манументальнай прапаганды (афіцыйны тэрмін савецкіх часоў), пазначалі тэрыторыю пад сваім кантролем, ставілі кропку ў сваіх адносінах да камуністычнай ідэалогіі, да камуністычнага тэрору, да каланіяльнага падпарадкавання ўсходняму суседу.

Помнікі гераізму продкаў ці помнікі нявольніцтву

У гэтым жніўні ў ЗША адбыліся ў меншым маштабе вонкава падобныя падзеі – спачатку адбыліся вулічныя сутыкненні паміж левымі і правымі ў горадзе Шарлотсвіль у штаце Вірджынія. Сутыкненні былі выкліканыя планамі прыбраць статую генерала Роберта Лі – галоўнакамандуючага арміі Канфедэратыўных штатаў Амерыкі, якія вялі вайну за адасабленне ад ЗША.

КША былі сфарміраваныя як канфедэрацыя штатаў, у якіх было дазволена нявольніцтва – Дэмакратычная партыя, якая тут панавала, палічыла, што новаабраны прэзідэнт ЗША Абрагам Лінкальн зробіць усё, каб адмяніць валоданне нявольнікамі, і зрабіла стаўку на ваенны супраціў.

Помнік генералу Лі ў Шарлотсвілі. (Ryan M. Kelly/Associated Press)

Вайна не паклала цалкам канец прыгнечанаму палажэнню чарнаскурага насельніцтва – праз нейкі час курс за наданне неграм поўных грамадзянскіх правоў быў згорнуты, у многіх штатах Поўдня ЗША (у вялікай ступені – былых штатах Канфедэрацыі) белая большасць «дэмакратычна» прыняла законы, якія так ці інакш абмяжоўвалі правы чорных. Новы штуршок да барацьбы за грамадзянскія правы чорных звязаны з імём Мартына Лютэра Кінга адбыўся амаль роўна праз сто год.

Аднак ці зʼяўляюцца помнікі канфедэратам – як генералам, так і простым жаўнерам – помнікамі расізму і дыскрымінацыі? Для тых, хто іх скідвае – магчыма, аднак для тых, хто супраць, усё зусім не так відавочна.

Грамадзянская вайна 1861-1865 гадоў стала ці не самай крывавай для амерыканцаў – на поле бою, у шпіталях і лагерах вайсковапалонных з абодвух бакоў загінула да 1 мільёна чалавек. Адначасова яна стала і нацыянальным эпасам, і часткай прыватных сямейных гісторый соцень мільёнаў чалавек.

Помнікі загінулым з абодвух бакоў на адных могілках у ЗША. Фота: pinterest.com

Армія КША не вызначылася вайсковымі злачынствамі, і сам генерал Лі не быў рабаўласнікам – хоць ён атрымаў нявольнікаў у спадчыну, але сам вызваліў іх яшчэ да вайны. Пасля вайны генерал не быў ані арыштаваны, ані іншым чынам пакараны, і стаў сімвалам прымірэння паўднёвых і паўночных штатаў.

Большасць жаўнераў-канфедэратаў былі простымі фермерамі і таксама не валодалі нявольнікамі – яны баранілі няправую справу, аднак думалі, што такім чынам бароняць правы свайго штату самастойна вызначаць свае ўнутраныя парадкі. Зрэшты, самому генералу Лі проста не пашанцавала атрымаць прафесійную вайсковую адукацыю і быць патрыётам таго штату, які далучыўся да Канфедэрацыі.

Ален Арментраўт

Выдатным прыкладам таго, што зусім не расізм рухае тымі, хто выступае за захаванне помнікаў канфедэратам, было відэа супрацьстаяння хлопца ў мундыры са сцягам Канфедэрацыі і азлобленай групы левых актывістаў каля помніку генералу Лі ў Шарлотсвіле. Ален Арментраўт, які потым аказаўся праціўнікам расізму, аддае пашану помніку і не рэагуе на абразы. Ягоны пратэст быў найперш скіраваны супраць таго, каб расісты і неанацысты прысвойвалі сабе сімвалы змагання ягоных продкаў.

Большасць амерыканцаў выступае супраць знішчэння помнікаў канфедэратам. Толькі 27% выступаюць за разбурэнне манументаў.

Пачалі з Лі, а закончаць Калумбам і Вашынгтонам?

Калі ўкраінцы знішчалі «ленінаў», іхнай мэтай было вызваленне ад сімвала варожай акупацыі і масавага тэрору, культурнага прыгнёту. Знішчэнне помніка стваральніку злачыннага рэжыму было ўвасабленнем вяртання да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і сапраўднай гісторыі.

Як аказалася, левыя актывісты, якія ламаюць помнікі ў ЗША, толькі пачынаюць сваю праграму. Ужо цяпер яны агучваюць ідэі знішчыць манументы вялікай колькасці герояў ЗША, якія ніколі раней не лічыліся сімваламі расізму.

Апаганены помнік каталіцкаму святому Юніпера Серы.

У гэты лік патрапіў Хрыстафор Калумб, бо «адкрыў Амерыку і пачаў прыгнятаць індэйцаў», і Джордж Вашынгтон, які быў рабаўладальнікам, і хрысціянскі святы-місіянер, бо «змагаўся з мясцовай традыцыйнай рэлігіяй». Такім чынам распачалася атака ўвогуле на гісторыю ЗША ў цэлым, адмаўленне ўсяго мінулага гэтай краіны толькі як гісторыі прыгнёту ды расізму.

Па гэтай логіцы, напрыклад, беларусы таксама мусілі б адмовіцца ад большасці сваіх гістарычных герояў – полацкія князі і арыстакраты ВКЛ, напрыклад, валодалі нявольнікамі ці прыгоннымі, не верылі ў роўнасць усіх рэлігіяў ці былі прыхільнікамі іншых «недастаткова талерантных» ідэй.

Падарваць мемарыял на гары Рашмур заклікае рэдактар леваліберальнага сайту VICE.

Справа дайшла да таго, што нават чорнага каментатара НБА Чарльза Барклі назвалі «чорна-белым расістам» проста за адмову пагадзіцца з кампаніяй супраць помнікаў канфедэратам. Ён проста сказаў: «Я не збіраюся губляць свой час на спрэчкі пра гэтыя помнікі» – і адразу стаў ворагам найгоршага парадку. Здаецца, падобныя адносіны да адрознага меркавання выдаюць таталітарнасць свядомасці сучасных змагароў з мемарыяламі жаўнерам амерыканскай Грамадзянскай.

Знішчэнне «ленінаў» ва Украіне вяртае ўкраінцаў да сваёй нацыянальнай памяці, стварае глебу для адзінства, ёсць праявай свабоды. Барацьба супраць помнікаў канфедэратам у ЗША знішчае нацыянальную памяць і распальвае варожасць і мае таталітарныя рысы.

Якія вывады мы, беларусы, можам зрабіць з гэтай гісторыі?

Варта адасабляць лакальную памяць пра сваіх герояў ад ідалаў, якія былі пабудаваныя ў рамках таталітарнай праграмы прапаганды. Леніны, сталіны, гітлеры і калініны Беларусі непатрэбныя, так. Гэтыя і іншыя акупанты проста не зʼяўляюцца героямі НАШАЙ гісторыі. Але можна будзе палічыць толькі ідыётам ці правакатарам таго, хто падніме руку на вясковы помнік савецкім жаўнерам ці партызанам, якія тут нарадзіліся.

Нельга судзіць людзей і помнікі ім толькі за тое, што яны былі дзецьмі свайго часу і думалі нешта, што камусьці зараз не падабаецца. Так, Рагнеда і Ізяслаў з вялікай ступенню верагоднасці валодалі нявольнікамі. І што з таго?

Помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі.

Наша еўрапейская цывілізацыя непарушна звязаная з хрысціянствам і з ідэяй таго, што ўсе людзі ў большай ці меншай ступені грэшнікі, так ці інакш рабілі памылкі. Грашылі так ці інакш і амерыканскія, і беларускія, і любыя іншыя нацыянальныя героі. Але гэта не прычына цэнзураваць гісторыю.

За што мы аддаем пашану чалавеку? Ці перавешваюць дасягненні і добрыя ўчынкі чалавека ягоныя ж грахі і злачынствы? Вось адказы на якія пытанні важныя.

Знішчаць частку сваёй гісторыі таму, што яе пратаганісты не адпавядаюць нейкім сучасным палітычным, сацыяльным, гендарным ці любым іншым тэорыям – значыць самому схіліцца перад дыктатурай кшталту камуністычнай і зрабіцца нявольнікам самага ганебнага тыпу.

іншыя запісы
Каментары