Зміцер Ягораў Зварот да кіраўніка РАУС Воршы наконт затрымання Кацярыны Андрэевай

рэдактар belsat.eu

Зміцер Ягораў, намеснік рэдактара belsat.eu напісаў адкрыты ліст да кіраўніка РАУС Воршы Сільчанкі Анатоля Міхайлавіча пасля затрымання журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай падчас прамога эфіру. Нашыя журналісты ўвесь дзень не маглі атрымаць інфармацыю пра лёс сваёй калежанкі.

Я да вас, Анатоль Міхайлавіч, сёння так і не датэлефанаваўся. Хоць дзяжурны міліцыянер вам і «трубку насіў», і «пераключаў» некалькі разоў.

Таму мушу сказаць вам публічна: ВЫ НЕ АФІЦЭР!

Вы мусіце зняць свае пагоны, вы не заслугоўваеце іх насіць. Вы хаваецеся за спінамі сваіх падначаленых, калі вам тэлефануюць журналісты. Другую журналістку, – дзяўчыну! – трымаюць у камеры ў вашым пастарунку і «лепяць» непадпарадкаванне міліцыі.

Палкоўнік? Які вы палкоўнік? Які вы праваахоўнік?

Я не ведаю, які ваш асабісты ўнёсак у гэтай справе. Але без вашага ведама, на вашым участку такое не магло адбывацца. Дзяўчыну, журналістку, якая выконвала сваю працу, вашыя падначаленыя на вачах 4,5 тысячаў гледачоў «Белсату» кідаюць у камеру! Аператару «лепяць» штраф за «пераход вуліцы ў непаложаным месцы».

У вас увогуле ёсць калі не афіцэрская, дык хоць якая ГОДНАСЦЬ?

Як вам будзе спацца сёння ў мякенькім цёплым ложку? А мая калега – на нарах!

Зычу вам неспакойных сноў на доўгія гады. І завяршэння вашай карʼеры такога – якога вы заслугоўваеце: без пагонаў, без звання і без павагі. Зрэшты, апошняе вы ўжо згубілі.

Без павагі да вас,

Нам. рэдактара belsat.eu
Зміцер Ягораў

іншыя запісы
Каментары