Александр Федута Жадан і чакун

паліткансультант

На фотаздымках, якія ілюструюць няведанне Макея, вочы міністра былі круглыя і здзіўлена спакойныя. Як у скульптурнай выявы персанажа па імені «Чакун», якая прагрымела ў інтэрнэт-прасторы. Гэта значыць, міністр нечага чакаў, гэта відавочна, але…

…але як у 2010 годзе. Кіраўніку Адміністрацыі не сказалі, што будуць арыштоўваць учорашніх кандыдатаў у прэзідэнты. Навіна, як памятаем, таксама тады заспела Уладзіміра Уладзіміравіча знянацку. Верагодна, ён чакаў нечага іншага. Вось такі ён чакун.

Гэтым разам уначы з гасцініцы (у якой, па ідэі, абавязак рэгістраваць усіх замежных пастаяльцаў) забралі аднаго з самых папулярных паэтаў Украіны, адвезлі ва «участак», пратрымалі там некаторы час, пасля чаго паабяцалі не ўпускаць у Беларусь у сувязі з падазрэннямі (!) Расеі (!!) пра дачыненне паэта (!!!) Сяргея Жадана да тэрарызму. (А можна тут матам? Нельга? Ну, прабачце…)

Пра гэта Уладзімір Макей, зразумела, нічога не ведаў. Мала таго – ён гэтага і чакаць не мог! Гэта значыць, нечага іншага ён чакаў – напрыклад, радаснай канстатацыі Захадам незваротнасці дэмакратычных пераменаў, якія адбываюцца ў Беларусі з ініцыятывы Уладзіміра Макея. Гэта ён – чакун. А вось арышту Жадана – не чакун. І вочы круглыя.

Мне даводзілася пісаць пра абсалютнае разузгадненне дзеянняў асноўных ведамстваў у нашай сінявокай (а цяпер яшчэ і круглавокай) дзяржаве. Палітычныя ведамствы спрабуюць абараніць імідж краіны, сілавыя – нанесці яму максімальна магчымую шкоду сваймі дзеяннямі. Гэта значыць, вядома, наўрад ці міністр унутраных спраў гэтага хоча – яго падначаленыя проста выконваюць ведамасныя інструкцыі і міжнародныя дамовы, дрэнна ўяўляючы сабе наступствы. А наступствы хрэнаватыя.

Пётр Парашэнка сёння – разам з Вітольдам Вашчыкоўскім – галоўныя хадайнікі на захадзе з просьбай палюбіць Беларусь «чорненькай», бо чакаць, пакуль яна стане «беленькай» немагчыма – яе Расея можа паглынуць. Таму не фіг рабіць з сябе чакуноў, прымайце «бацьку» з візітамі, давайце яму грошай, легітымізуйце максімальна яго рэжым.

Гэта правільна. Украіна і Польшча маюць свае інтарэсы. Яны шчырыя ў сваім жаданні дапамагчы нам утрымаць суверэнітэт у недатыкальнасці.

Але абвясціць персонай нон-грата Сяргея Жадана – значыць, забяспечыць Парашэнка зусім не салодкае жыццё ўнутры краіны. Жадан – не проста паэт. Ён сапраўды адзін з сімвалаў пераменаў, якія адбываюцца ва Украіне. Абʼявіць яго неўязным па просьбе расейскага боку – прыкладна тое ж самае, што абʼявіць у вышук у сябе на тэрыторыі экс-губернатара Днепрапятроўшчыны Ігара Каламойскага. Гэта значыць, вобласць яго былую ўжо перайменавалі, але крымінальную справу ў Расеі супраць Ігара Валерʼевіча ніхто не зачыняў. І шуму ўнутры Украіны – і па-за ёй! – з гэтай нагоды будзе не больш, чым у сувязі з вымушаным адʼездам з паэтычнага фестывалю паэта з Харкава.

Верагодна, у гэтым выпадку міністэрства замежных справаў зноў зрабіла б круглыя вочы, якія мала што выражаюць:

– Мы гэтага не чакун!

А хто тады чакун?

Я магу асабіста сказаць, чаго менавіта цяпер варта чакаць ад нашага вонкавапалітычнага чакуна. Выхад на авансцэну ўпаўнаважанага чыноўніка з заявай, што мы, такія ўсе з сябе незалежныя-незалежныя, проста выканалі свае саюзніцкія абавязацельствы перад Расеяй, а праверка абгрунтаванасці ўключэння Расеяй канкрэтных асобаў у спісы неўязных не належыць да нашых абавязкаў.

Вось так.

Дарэчы, гэтага i для Расеі будзе дастаткова. Але для звычайных суразмоўцаў міністра Макея, якім потым атрад макееўскіх «лятучых малпаў» (амаль як у «Чараўніка Ізумруднага гораду») будзе распавядаць пра дэмакратыю і суверэнітэт Беларусі, гэта будзе поўны нечакун.

Чытайце таксама:

іншыя запісы
Каментары