Аляксандр Гелагаеў Захад уключаецца ў гонку танкавых узбраенняў з Масквой?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Пасля Другой сусветнай вайны танкі хацелі пахаваць шмат разоў, аднак менавіта гэтыя грозныя машыны, а таксама больш лёгкія ўзоры бранятэхнікі застаюцца асновай мабільнасці і важнай часткай агнявой моцы любой сучаснай сухапутнай арміі.

Пасля Халоднай вайны

Больш за 20 гадоў арміі па ўсім свеце практычна не вялі баёў са шматлікімі рэгулярнымі сіламі праціўніка. Выключэннем стала хіба што амерыканская армія і тыя яе хаўруснікі, якія прымалі ўдзел у маланкавай вайне супраць Іраку ў 2003 годзе.

З-за падзення выдаткаў на абарону, а таксама з той прычыны, што гэтак доўга баявыя дзеянні вядуцца амаль выключна супраць партызанскіх і тэрарыстычных атрадаў, узброеныя сілы ў асноўным займаліся мадэрнізацыяй распрацовак 1960-1970-х гадоў.

Фота ic.pics.livejournal.com

Гэтак асноўны танк беларускай арміі Т-72БМ – мадэрнізацыя савецкай машыны, распрацоўка якой пачалася яшчэ ў 1967 годзе. Украіна мадэрнізуе танкі Т-64, якія яшчэ ў савецкія часы вырабляў Харкаўскі танкавы завод.

ЗША і Вялікая Брытанія актыўна ваявалі амаль усе апошнія 16 гадоў у Іраку і Афганістане. Аднак Пентагон таксама задавальнялі існыя і будучыя мадыфікацыі танкаў перыяду Халоднай вайны – Abrams M1, а Брытанія ўвогуле згарнула вытворчасць танкаў Challenger-2. Францыя і Нямеччына працягваюць карыстацца мадэрнізаванымі версіямі танкаў Leclerc і Leopard-2.

Непрыемнае абуджэнне

Выключэннем стала Расея, што марыла пра сталінісцка-імперскі рэванш. Масква вырашыла аддаць частку мільярдаў, якія атрымала ў перыяд высокіх коштаў на нафту, на распрацоўку танка Т-14 Армата.

У Маскве танк называюць машынай наступнага пакалення. Яго стваралі прынамсі з 2009 года, а зараз ён праходзіць этап вайсковых выпрабаванняў.

Фота breakingdefense.com

Агрэсія РФ супраць Украіны і выкліканае гэтым рэзкае абвастрэнне міжнародных адносін у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прымусілі краіны НАТО зноў нарошчваць парк сваёй бранятэхнікі.

Купляюць бронетранспарцёры і баявыя машыны пяхоты Эстонія, Латвія і Літва. Польшча хутка цалкам адмовіцца ад сваёй мадыфікацыі савецкага танка Т-72 і цалкам перасадзіць сваіх жаўнераў на апошнія варыянты нямецкіх Leopard-2.

Фота bastion-karpenko.ru

Нямеччына, адна з нешматлікіх «вялікіх дзяржаў» у танкавай галіне сусветнага ваенна-прамысловага комплексу, у гэтым месяцы прыняла рашэнне павялічыць на 50 % колькасць сваіх танкаў. Мадэрнізаваць свае асноўныя баявыя танкі вырашыла і Вялікая Брытанія.

Гонка ўзбраенняў у галіне бранятанкавай прамысловасці пачала раскручвацца. А гэта сведчыць, што бранятэхніка разглядаецца як важная прылада для вырашэння амаль любой баявой задачы.

Новая пакаленне?

Аднак распрацаваць танк прынцыпова новай канцэпцыі, з сучаснымі сродкамі сувязі, лічбавымі прыладамі назірання, гатовы знішчыць любую наземную цэль і добра абаронены – зараз задача толькі для вялікай і даволі багатай краіны.

Сведчаннем справакаванага падзеямі ў Крыме і на Данбасе сапраўды новага этапу ў развіцці бранятэхнікі сталі паведамленні пра новыя ўзоры бранятанкавых узбраенняў. Гэтак, кампанія «Rheinmetall Weapon and Munition», якая вырабляе гарматы для танкаў Leopard-2, прадставіла ў гэтым годзе новую танкавую 130-мм пушку, якую пачалі распрацоўваць у 2015 годзе.

Фота flickr.com/photos/ministryofdefenceua

Да таго ж Францыя і Нямеччына фактычна абвесцілі пра абʼяднанне сваёй танкавай вытворчасці – стварэнне кампаніі KNDS. KNDS – скарот ад назваў нямецкай кампаніі Krauss-Maffei Wegmann і французскай Nexter Systems, які значыць KMW and Nexter Defense Systems.

Кіраўнік Nexter Стэфан Маер адзначаў, што альянс пачаў працу над прынцыпова новай баявой машынай, якая абʼяднае лепшыя характарыстыкі французскіх танкаў Leclerc i нямецкіх танкаў Leopar- 2. Зацікаўленасць у далучэнні да еўрапейскага танкавага альянсу агучыла і Польшча.

ЗША, аснова баявой моцы Паўночнаатлантычнага альянсу, пакуль мадэрнізуюць існыя машыны, аднак таксама ўжо думаюць пра пераход на новы ўзровень і новыя ўмовы вайны.

І гэта не дзіўна, бо, камандуючы Штабам Сухапутных войск ЗША генерал Марк Мілі ўжо заявіў у публічнай прамове пра падрыхтоўку да вайны не з партызанамі і тэрарыстамі, а з тэхналагічна прасунутым добра ўзброеным ворагам у наступныя дзесяцігоддзі.

«Можа ў нас не будзе… танкаў Abrams ці БМП Bradley, мы гэтага пакуль не ведаем. Але мы ўпэўнена і свядома рухаемся наперад, каб даведацца. І гэтая інфармацыя нам патрэбная як мага хутчэй», – сказаў у красавіку генерал, прагназуючы крывавую вайну, якая будзе ў значнай ступені ісці ў гарадской забудове.

У лістападзе вайсковая і аналітычная прэса ЗША пачала пісаць пра праграму «Баявая машына наступнага пакалення», якая можа замяніць і танкі, і баявыя машыны пяхоты.

Фота defensenews.com/Sgt. Steven Hitchcock / US Army 55th Combat Camera

Чароўная палачка не працуе без Гары Потэра

Вайскоўцы цэняць танк за яго браню і агнявую моц на полі бою, і развіццё грозных машын застаецца важным індыкатарам чаканняў палітыкаў і генералаў.

Аднак мець «самы новы танк» – зусім не гарантыя перамогі ў будучай вайне, таму заходнія вайскоўцы не спяшаюцца бегчы капіяваць «Армату».

У 1941 годзе СССР меў самыя магутныя танкі ў свеце і меў іх болей, чым усе іншыя краіны планеты разам узятыя. Большасць нямецкіх танкаў у першыя дні вайны з СССР амаль не мелі нават тэарэтычнай магчымасці падбіць Т-34 ці цяжкія танкі КВ.

Поспех бліцкрыгу ў чэрвені-кастрычніку 1941 года забяспечылі не калібр гармат і таўшчыня танкавай броні, а лепшая арганізацыя, сувязь, наладжаная сістэма каардынацыі дзеянняў пяхоты, танкаў, артылерыі і авіяцыі, ініцыятыва камандзіраў і эфектыўнае забеспячэнне.

Прыкладна тое ж самае паўтарылася ўлетку 1944 года, калі ў Нармандыі высадзіліся войскі ЗША, Брытаніі і Канады, і вермахту не дапамаглі магутныя «Тыгры» і «Пантэры».

Можна гарантаваць, што наступная вайна засведчыць тое ж самае – цудоўнай «зброі перамогі» не існуе, нават калі гэта самы лепшы танк на свеце.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары