Александр Федута Навошта ўлады самі сабе напаскудзілі?

паліткансультант

Задержания на площади Я.Коласа, 25 марта 2018, фото Ирины Ареховской/Белсат

Крыху аслаблены варыянт хапуна, які праходзіў да і пасля ўрачыстай імпрэзы, прысвечанай 100-годдзю БНР, трошкі здзівіў: навошта? Навошта ўлада вырашыла такім чынам прыпсаваць нам свята?

Калі б «мікрахапун» датычыў людзей, якія заклікалі арганізаваць несанкцыянаванае шэсце, ён хоць бы выглядаў лагічна. Маўляў, усе гэтыя Някляевы, Статкевічы, Вінярскія настолькі знахабіліся, што мы іх пасадзім на суткі, каб яны, не дай бог, ня вымусілі нас ужыць да іх больш сур’ёзны артыкул. І прэвентыўныя дзеянні міліцыі ў адносінах да магчымых арганізатараў шэсця менавіта так і ўспрымаліся – з асуджэннем «хапуна», але, прынамсі, з разуменнем намераў.

Але ж далей пачалася поўная бязглуздзіца. Арганізатараў несанкцыянаванага шэсця на волі практычна не засталося. Ды і саміх людзей на плошчы Якуба Коласа відавочна сабралася не столькі, каб іх шпацыр да опернага тэатру можна было б назваць шэсцем. Але іх пачалі хапаць, і, па словах некаторых затрыманых, не занадта груба (дзеля свята, так?!) – кідаць у аўтазакі.

Растлумачце мне – нафіга? У вас жа, спадарства, улада, усё схоплена – то бок, усе асобы на відэа запісаныя. Апазнаць іх можна лёгка. Здымайце рух ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі – вось вам жывы доказ таго, што людзі парушылі вашу ўладу. І выклікайце іх потым да сябе позвамі, каб штрафаваць або «суткі» распісваць. Гэта – вашае права. Але свята псаваць – гэта як у старым анекдоце пра цешчу, якая валасы з масажнай шчоткі ў рондаль з баршчом кідае:

– Мама, што вы робіце?!
– Ай, злыя вы… Пайду я ад вас…

Але ў гэтым выпадку боршч будзе есці ўся краіна. Што ж вы робіце?

Ладна. Канцэрт скончыўся і людзі пачалі разыходзіцца. І тут ізноў пачаўся «мікрахапун». Можа, аўтазакі вызваліліся, а АМАПу стала сумна і хлопцы захацелі размяцца? Думаю, не. Хутчэй за ўсё, гэта таксама было далёка не спантаннае рашэнне, да таго ж прынятае свядома і загадзя. Выдзелілі гэтым самым аматарам БНР пляцоўку для гулянняў, дазволілі карыстацца сімволікай, і нават выканалі пры гэтым бачнасць некаторых прыстойнасцяў. Але як толькі вы з бел-чырвона-белым сцяжком, які прынеслі самі з хаты ці купілі тут жа, спрабуеце прайсці да аўтобуснага прыпынку і зʼехаць дадому, вас хапаюць, як калі б вы зрабілі нешта забароненае.

– Улада, што ты робіш?!
– А, ня падабаецеся вы мне… Думаеце не так, як я…

На самай справе – і гэта зразумела. Плошчу на Траецкай гары адвялі для акцыі насуперак волі ўлады – яна пераўтварылася ў некаторую рэзервацыю волі. На ёй, сапраўды, было можна выказацца, заявіць пра свае палітычныя і гістарычныя сімпатыі. Праспяваць, нарэшце, хорам, паслухаць «Дзецюкоў» і ўдосталь памахаць бел-чырвона-белым сцяжком. Але як толькі вы пакідаеце рэзервацыю, вы становіцеся пажаданым абʼектам палявання. Асабліва тыя, хто сам сябе пазначыў трыма палоскамі на твары з нагоды юбілею.

Свабоды хочаце? Вяртайцеся ў рэзервацыю. Ах, вы і за межамі міліцэйскага агароджы яе хочаце? А вось гэтага не будзе.

Увесь свет бачыў, што арганізатары акцыі цалкам выканалі ўзятыя на сябе абавязкі. А беларуская ўлада? Зноў нейкаму амапаўцы пачулася, што нехта яго аблаяў? Так у гэты дзень і дараваць можна было б – тым больш што хапалі хатніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх ні з якім Афнагелем не зблытаеш. Затое карцінка была б проста ідэальнай: беларуская ўлада нарэшце ўтрымалася ад «хапуна».

– Улада, ..рва старая, якога чорта ты гэта робіш?! Вось навошта – патлумач?!
– А я такая!

Ну і маеце. Пра тое, што арганізатары акцыі ўсе свае абяцанні выканалі, перадалі асноўныя інфармацыйныя каналы, якія асвятляюць падзеі ў Беларусі. Уладам, якія маглі зняць частку вяршкоў, дасталіся запісы ў «Фэйсбуку» арыштаваных журналістаў і праваабаронцаў, фатаграфіі абураных бабуль, якіх пад шумок таксама кінулі ў аўтазак, і чарговая порцыя анекдотаў.

– Улада, ты хацела гэтага баршчу? Ну, жары ў адзіночку. Тут мы табе не партнёры.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары