Алесь Кіркевіч За што мы не любім Дашкевіча?

журналіст, літаратар

Зміцер Дашкевіч апошнім часам стаў ці не найбольш яскравай фігурай на грамадска-палітычным полі, хоць складнік «палітычны» ён асабісты, найхутчэй, прыбраў бы. Маўляў, няма ў Беларусі ніякай палітыкі: ёсць дыктатар і яго апаненты, чытай, дысідэнты. Сярод іх ён сёння першы.

І ўсё б добра, і біяграфія, і харызма, і галава на плячах, і нават рамантычная сямейная гісторыя, спавітая калючым дротам… Вось толькі прозвішча Дашкевіча часцяком рэжа слых не толькі менскай міліцыі ды КДБ, але і ўсім астатнім: «ватнікам», лібералам, нацыяналістам, экспертам з Фэйсбуку і г.д., то бок, кожнаму з нас.

За што «ватнікі» не любяць Дашкевіча? Бо нацыяналіст, пратэстант, прапаведнік русафобіі, амерыканафіл ды сіяніст, гэта зразумела.

За што лібералы не любяць Дашкевіча? Бо нацыяналіст, пратэстант, прапаведнік русафобіі (прыкольна, што пункты паўтараюцца), гамафоб ды аматар пабегаць у нямецкім камуфляжы на свежым паветры.

За што нацыяналісты не любяць Дашкевіча? Бо «недастаткова нацыяналіст», сіяніст, ну і ад Зянона, чамусьці, не ў захапленні. А Зянон не ў захапленні ад кожнага, хто не ў захапленні ад яго, таму трэба быць ад яго ў захапленні, каб ён не пакрыўдзіўся.

За што эксперты з Фэйсбука не любяць Дашкевіча? За ўсе вышэйпералічаныя пункты, а таксама за тое, што сам Дзіма не ёсць экспертам з Фэйсбука ды, незразумела навошта, цягаецца па вуліцах, замест таго, каб страчыць гнеўныя каментары ды расстрэльваць ворага «банамі».

Ёсць, вядома, яшчэ багата іншых фактараў: Дашкевіч няправільна бараніў Курапаты, Дашкевіч занадта рэзкі, Дашкевіч піярыцца на рэпрэсіях, Дашкевіча і яго сям’ю падтрымліваюць у цяжкія часы, Дашкевіч займаецца сцягам і мовай замест сацыяльных праблемаў, у Дашкевіча мала людзей, Дашкевіч не крычыць: «Баста!», Дашкевіча пасадзілі, Дашкевіча выпусцілі, Дашкевіч не ўратаваў свет і г.д.

Сапраўды, чаму сям’ю Дашкевічаў падтрымліваюць, калі ён трапляе за краты альбо атрымлівае вялікія штрафы? Бо заслужыў. Бо Дзіма на вуліцы, у Курапатах, у СІЗА ў тыя моманты, калі мы – адседжваемся ля кампутараў. І тыя з нас, хто мае яшчэ рэшткі сумлення, спрабуюць хаця б грашыма змыць з сябе ганьбу, каб было як апраўдацца перад дзецьмі год праз 5-10.

Чаму Дашкевіч займаецца нацыянальнымі сімваламі, калі ў людзей няма працы, у крамах «усё дорага», а ў пад’ездах столькі незакручаных лямпачак? Імаверна таму, што Дзіма не міністр працы, не кіраўнік прафсаюзу, не начальнік ЖЭКу. Ён займаецца тым, за што гатовы сядзець у турме і нават памерці. За лямпачкі памерці ён, імаверна, не гатовы.

Чаму ў Дашкевіча ўсяго 6-7 чалавек у камандзе? Па-першае, не «усяго», а «ажно». У каго сёння ёсць столькі ж альбо больш байцоў, здольных працаваць рэгулярна, без грошаў, з рызыкай пасадкі? Мяркую, што ў Дзмітрыева ёсць два чалавекі: ён сам і Таня Караткевіч, у Статкевіча – чалавекі чатыры, разам з жонкай, і г.д.
Насамрэч, большасць прэтэнзіяў да Дзімы зводзяцца да формулы: «Чаму ён можа, а мы – не?» Але пытанне занадта смелае, каб яго агучваць, таму яно драбіцца на мільён маленькіх шпілек, якімі можна падкалваць Дашкевіча ў сацсетках, каментарах, значна радзей – у асабістых размовах.

Як вядома, у Беларусі будуць крытыкаваць кожнага, хто рэальна нешта робіць. Кожнага, хто крытычна глядзіць на сябе і сваіх калегаў па «патрыятычных барыкадах». Так прынята, так склалася: ненавідзіць сваіх больш за чужых.

Той, каго не крытыкуюць, наўпрост нічога не робіць, яго няма. Дзіма – ёсць, ён сапраўдны. За гэта мы яго і любім.

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары