Максім Чыгунка За «Іх Крым» давядзецца добра заплаціць

публіцыст

Значыцца, “саюз непарушны” Расеі і Беларусі паказаў свой сапраўдны твар. Расея часоў “120 долараў за барэль” была шчодрым спонсарам, які даваў датацыі, крэдыты, танны газ і нафту.

Калі барэль каштуе 60 долараў, Расея ператвараецца ў дзяржаву, якая ўводзіць эмбарга на беларускае мяса і зачыняе межы перад беларускімі перавознікамі, а перадусім – у дзяржаву, якая імкліва цягне на дно беларускую эканоміку.

У Расеі, да крызісу ў якой спрычыніліся санкцыі Еўразвязу ды ўласныя антысанкцыі, могуць яшчэ суцешвацца “Крымамнашым”, хоць 99,9% насельніцтва змогуць гэта зрабіць толькі на адлегласці. А што казаць беларусам, якія плацяць за расейскі Крым і Данбас недахопам валюты і няпэўнасцю перад навагоднімі святамі?

Лукашэнка зразумеў, што у Крамля штораз менш грошай, якімі той можа падзяліцца, і, быць можа, калі ўрэшце будзе заплачана за Крым і Данбас, на Беларусь ужо нічога не застанецца. А ў наступным-то годзе трэба знайсці сродкі на перадвыбарчую каўбасу. Вось адкуль нечаканыя рэверансы ў бок Украіны, усе гэтыя “трэба будзе ад Беларусі нешта – скажы, мы табе за содні ўсё зробім, што ты папросіш” у размове з Пятром Парашэнкам. Беларускі прэзідэнт раптам ператварыўся ў “добрага паліцэйскага”, які паводзіцца надзвычай разважліва ў стасунку да Украіны, за што чакае ўзнагародаў ад ЗША і ЕЗ. Тым больш, у параўнанні з Пуціным апошні дыктатар Еўропы аказаўся крыніцаю цвярозага розуму на міжнароднай арэне.

Насамрэч, Лукашэнка ў стане адолець крызіс адзіным магчымым спосабам. Ён нам яго прадэманстраваў, затыкаючы рот СМІ-“панікёрам”. Заўтра можа пракаціцца хваля арыштаў тых, хто пачне публічна дэманстраваць незадавальненне сітуацыяй у краіне. Крывавая бойня на паслявыбарчай дэманстрацыі ў 2010 годзе невыпадкова адбылася за некалькі месяцаў перад гіганцкай паводле еўрапейскіх стандартаў дэвальвацыі рубля. Лукашэнка, які раней даваў у морду сваім калгаснікам, даў у морду цэламу народу, каб папярэдзіць незадаволенасць.

Расейскі Крым выльецца для беларусаў у вельмі канкрэтны кошт: не толькі эканамічны крызіс, але і радыкальнае закручванне гаек.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары