Александр Федута З вераю ў беларускі рубель

паліткансультант

Сам сядзеў, і рагатаў у адзіночцы, выдумляючы ліст генеральнаму пракурору – уяўляючы твар спадара Васілевіча. Але адна справа – смяяцца над тымі, хто пасадзіў цябе ў вязніцу. І зусім іншае – смяяцца над зняволеным.

Прабачце, не змог утрымацца.

Прачытаў інфармацыю аб сейфе былога міністра эканамічнага развіцця Расейскай Федэрацыі Аляксея Улюкаева, у якім сярод цвёрдых валют і золата захоўваліся таксама рупіі, песа і беларускія рублі.

Дзякуй Богу, яны не напісалі, у якой менавіта колькасці захоўваліся там беларускія рублі. Бо калі раптам Улюкаев уключыў іх у асабісты мультывалютны кошык, то яго правільна пасадзілі: расейская эканоміка была проста ў адным кроку ад поўнага краху. Больш цвёрдай – у сэнсе «драўлянай» валюты цяжка сабе ўявіць. Яшчэ гэтыя, якія ў Венесуэле ходзяць. Яны прыкладна такой жа якасці.

Але калі істэрычны смех прайшоў, я задаў сам сабе пытанне: а чаму смеяцеся, спадар Фядута? Вы што – у эканоміцы разбіраецеся хоць бы на ўзроўні Аляксея Улюкаева? А раптам гэты далёка не самы дурны чалавек, узважыўшы ўсё, вырашыў перавесці асабістыя золатавалютныя рэзервы ў тое, што найменш схільнае дэвальвацыі – зямельныя ўчасткі і беларускія рублі?

Цана зямлі ў бліжнім Падмаскоўі вядомая, кошт беларускага рубля, хай даруе мне Павел Калаур, таксама. Ну, вось, абзавёўся міністр 15 зямельнымі ўчасткамі і некаторай колькасцю беларускіх рублёў. На ўсялякі выпадак. Не печку ж ён імі тапіць сабраўся, насамрэч. Тым больш, у нас дэнамінацыя ў чарговы раз прайшла, месца ў сейфе яны цяпер нашмат менш займаюць. Ды і карцінкі прыгожыя.

Я дастаў з кішэні беларускую «дзясятку» і паглядзеў на яе з кепска схаванай пяшчотаю. Падумаць толькі! Сам Улюкаев! Чалавек, які адважыўся вымагаць хабар ад чалавека, распараджаецца нафтавымі багаццямі Расеі, зрабіў стаўку на наш рубель! То бок, вядома, долар і еўра Улюкаев таксама не спісаў з рахункаў, але і наш рубель не забыўся! НАШ РУБЕЛЬ!!! Долар, еўра і беларускі «зайцарубель» – гэта вам не качан капусты! Гэта моц!

І я пачаў нават ціха спачуваць Улюкаеву. Не, не таму, што я лічу яго невінаватым. Я не занадта веру ў невінаватасць уладальніка пятнаццаці зямельных участкаў плюс кватэркі ў Сочы. Але на самой справе сваім учынкам (не хабарам, а змесцівам сейфа) ён канстатаваў, што Беларусь ідзе кудысьці ў вельмі правільным кірунку. За апошні тыдзень у мяне асабіста было два гэткіх яркіх уражанні – Аляксей Улюкаеў і Дзмітрый Шчыгельскі. Абодва абудзілі ўва мне шчыры гонар за маю краіну, мой народ і мой Нацыянальны банк.

Таму што калі міністр галоўнай краіны-крэдытора збірае грашовыя знакі тваёй краіны, а псіхіятр, які паставіў дыягназ кіраўніку дзяржавы, бесперашкодна вярнуўшыся на гістарычную радзіму з ЗША, канстатуе, што не ўсё ў нас дрэнна з Лукашэнкам, гэта ўсё ж уражвае.

І калі спачатку я вырашыў знайсці тэлефон улюкаеўскага адваката, каб патэлефанаваць яму і прапанаваць абʼявіць свайго кліента шалёным (ну, ускрыццё сейфа гэта даказала з усёй пераканаўчасцю), пасля я падумаў, што на мазаічную псіхапатыю Улюкаева ставіць рана. Няхай патлумачыць свой учынак, будучы пакуль у статусе свядомага.

А заадно і Шчыгельскі.

іншыя запісы
Каментары