Аляксандр Фядута Яўсеева шчасце

паліткансультант

Бачыў я яго зблізку толькі аднойчы. Было гэта так.

Адбывалася ўручэнне нейкай нашай невялікай апазіцыйнай прэміі ў офісе беларускага ПЭН-цэнтру. Ужо пасля 2010-га года – калі суды прайшлі, кагосьці выпусцілі, кагосьці не выпусцілі. Прэмію ўручалі, здаецца, маладафронтаўцам.

І тут прайшла чутка:

– Будуць браць!

Уяўляеце: невялікае памяшканне, у ім у самым аптымістычным выпадку сабралася чалавек 20-25. І прайшла чутка:

– Будуць браць!

Чутка – сярод 25 асобаў. Прынёс яе нехта з вуліцы – напэўна, з марозу. Справа была бліжэй да позняй зімы: памятаю, таму што людзі, якія прыходзілі ў памяшканне, аббівалі з падэшваў снег і здымалі курткі.

– Адкуль вы гэта ўзялі?

– А, Яўсееў у двары, – бесклапотна сказаў той, хто чутку і прынёс.

Сапраўды, у двары стаяў Яўсееў. Не адзін. Стаяў яшчэ аўтамабіль – «бобік», здаецца, так яго называюць у прастамоўі. Але – не «варанок», гэта дакладна. Гэта значыць, калі план і быў кагосьці браць, то не ўсіх, ці не гэтым разам: у «бобік» шмат людзей не запхаеш, нават калі штабелем укладваць.

Прэмію ўручылі, выпілі па куфлі шампанскага і пачалі разыходзіцца. Выйшаў і я. З маім умоўным тэрмінам зняволення я адчуваў сябе чорна-бураю лісою, якую выпусцілі з клеткі пагуляць – на выпадак, пакуль пані не спатрэбіцца каўнер.

Вось тады я яго ўпершыню і ўбачыў.

Стаяў высокі моцны мужык з разумнымі і трохі іранічнымі вачыма. Вушы былі злёгку адтапыраныя – дакладна Яўсееў услухоўваўся. Так, напэўна, выглядалі імператарскія егера, якім трэба было загнаць дзікага звера пад стрэл венцаноснага паляўнічага. Ён не хаваўся. Сэнс хавацца ў чым, калі зверу адзін хрэн няма куды бегчы.

Я і не бег. Падышоў, павітаўся. Было б смешна рабіць выгляд, што мы не ведаем адзін аднаго: фатаграфіі абодвух абышлі – з розных нагодаў.

– Добры дзень, Ігар Уладзіміравіч.
– Добры дзень, Аляксандр Іосіфавіч.
– Ці не мяне чакаеце?
– Сёння не Вас.

Каго ён чакаў, было незразумела: маладафронтаўцы ўжо разышліся. Можна, вядома, было западозрыць, што палкоўнік чакае Марыю Мартысевіч, першага намесніка кіраўніка ПЭН-цэнтру, бо найбольшую небяспеку з усіх уяўляла відавочна яна. Але яна была па-за палітыкай, па меншай меры, на бліжэйшыя 35 гадоў: яе палітычная праграма была выказаная ў вершы «Радзі прэзідэнта!».

Ну, раз чакаюць не мяне – можна сыходзіць.

Пакідаючы гасцінны двор, злёгку азмрочаны прысутнасцю «бобіка», я павярнуўся і яшчэ раз паглядзеў на палкоўніка Яўсеева. Ён быў шчаслівы: ён верыў, што яго баяцца.

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары