Аляксандр Тамковіч Якая дыяспара патрэбная ўладам

публіцыст, пісьменнік

А можна я не буду пляскаць у далоні адносна выступу на сёмым з’ездзе МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея?

Перш за ўсё таму, што для некаторых гэтыя далоні сталі вольнымі ад кайданкаў толькі дзеля таго, каб у Менску было ўтульна іншаземным удзельнікам сесіі ПА АБСЕ. І далёка не факт, што кайданкі не зашчоўкнуцца зноў, бо наступнае паседжанне парламентарыяў адбудзецца не скора, і не ў Беларусі.

Калі нехта і заслужыў апладысментаў, так гэта Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, якіх аднагалосна пераабралі на пасады галоўных кіраўнікоў «Бацькаўшчыны». Магчыма, нехта скажа, што адкрытая форма галасавання не адпавядае дэмакратычным працэдурам. Згодны – урна лепш, але ў дадзеным выпадку, яна была бы цалкам непатрэбнай – у сэнсе марнавання часу.

Рэальнай альтэрнатывы не было, а ствараць альтэрнатыву дзеля самой альтэрнатывы, мякка кажучы, неразумна. Дапускаю, некаторым гэта падацца спрэчным, але, на мой погляд, рабіць нешта толькі для таго, каб той, хто пры сустрэчы не шкадуе кампліментаў, меў магчымасць трымаць «фігу ў кішэні» – не самая галоўная аксіёма нашага жыцця. Да таго ж, можна прывесці шмат прыкладаў: далёка не заўсёды колькасць «чорных шароў» на нешта ўплывала ўвогуле.

Цалкам не згодны з тымі, хто лічыць, быццам бы «Бацькаўшчына» «лягла пад уладу». Самы яскравы доказ адваротнага – ахова. Амаль цалкам яна складалася з тых, хто мае дачыненне да так званай «справы патрыётаў».

Канешне, як пажартаваў мой сябар, старшыня добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры Антон Астаповіч, былому «Беламу легіёну» «прыйшлося ахоўваць тых, хто нядаўна ахоўваў іх саміх», але і дзяржаўныя чыноўнікі добра разумелі пад чыёй аховай яны знаходзяцца на з’ездзе.

У тым ліку і ўзгаданы вышэй Уладзімір Макей. Таму галасаваць за Макоўскую і Шыдлоўскую было варта ўжо толькі па гэтай прычыне.

А дзеяслоў «лягла» просьба не блытаць з дзеясловам «пакласці».

Так, улада (і не толькі нашая) заўсёды імкнецца ўзяць пад поўны кантроль сваю замежную дыяспару, зрабіць яе, так бы мовіць, гібрыднай. Тое, што нехта скандальна прыязджае са Смаленску, сведчыць пра гэта надзвычай красамоўна.

Як і тое, што на з’ездзе паявілася «знамя бессмертного полка» і амаль прагучала «крымнаш». Не ведаю, як хто, але я не здзіўляюся, калі ў бліжэйшым будучым дыяспару (як некалі журналістаў) таксама паспрабуюць падзяліць на «чэсных» і «нячэсных». А следам за «гібрыднай дыяспарай» будзе крочыць «гібрыдная спадчына».

І вітаць іх таксама будзе які-небудзь Макей.

Цалкам падтрымліваю ідэю дыялога з уладай, але не прымаю спробы «з аднымі размаўляць, а з другімі не». Уладзімір Уладзіміравіч Макей, з моманту прыхода да ўлады «усенароднаабраных» – шосты міністр замежных спраў Беларусі і першы за 24 гады існавання «Бацькаўшчыны», хто прадстаўляе «новых». Канешне, тое, што ён прыйшоў на з’езд, заслуга арганізатараў, але ўсе добра разумеюць: не сказалі б прыйсці – не прыйшоў бы.

Не варта пляскаць у далоні і адносна таго, што пасля яго ўмяшання ў Беларусь (з другой спробы) упусцілі аўтакефальнага святара. Не захацеў бы шэф Макея ўпусціць – не ўпусцілі б.

Да таго ж, не трэба забываць, што таго ж Яўгена Вапу шмат год не пускалі ў Беларусь менавіта пад час кіраўніцтва МЗС Макеем.

І апошняе.

Даруйце, калі ласка, за парушэнне дыпламатычнага этыкету, але мне цяжка зразумець, чаму сёмы з’езд МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» амаль праігнаравалі замежныя дыпламаты. Усіх іх запрашалі, і каб не прадстаўнікі ўкраінскай і брытанскай дыпмісіяў, а таксама вітальны ліст амбасады ЗША, можна было б падумаць, што ўсе яны пачалі адпачываць.

Або дыпламаты ў нас ужо таксама гібрыдныя?

іншыя запісы
Каментары