Максім Чыгунка Як з карыснага ідыёта зрабіць сапраўды карыснага ідыёта

публіцыст

Маркс калісьці сказаў, што гісторыя паўтараецца, але другім разам гэта ўжо фарс. Напрыклад, гісторыя з «карыснымі ідыётамі». У сталінскія часы ў СССР у паломніцтва рушылі заходнія інтэлектуалы першага сорту, якім паказвалі ўзорныя калгасы і фабрыкі, а тыя спявалі гімны ў гонар Сонца народаў і Машыніста здзяйсненняў.

Ангельскі пісьменнік Гэрбэрт Ўэлз пісаў пра Сталіна: «ніколі не сустракаў больш справядлівага і шчырага чалавека». Яшчэ больш глупа і безадказна паводзіў сябе вядомы брытанскі філосаф, пісьменнік і драматург Бернард Шоў, які нават у радыёэфіры заклікаў амерыканскіх рабочых выязджаць у СССР. І, што найлепшае, яму ўдалося пераканаць некалькі сотняў асобаў, чые косці ўжо пэўна спарахнелі дзесьці пад Магаданам ці на Калыме. Французскі філосаф Жан Поль Сартр крытыкаваў асуджэнне сталінізму ў часы Хрушчова, маўляў, нельга пазбаўляць надзеі французскіх рабочых.

Прыклады глупства, наіўнасці, няправільна зразумелага ідэалізму ў тыя часы можна было б згадваць бясконца. Але ж урэшце гэта былі інтэлектуалы, людзі, чые дасягненні нельга спісваць толькі праз наіўнае ўхваленне савецкага людажэрцы.

Гады мінаюць, але постаць карыснага ідыёта не сыходзіць са сцэны. Цяпер вырафінаваных інтэлектуалаў замяняюць старыя акторы (часам з праблемамі з алкаголем) або палітыкі, вядомыя як арганізатары вечарынак бунга-бунга. Ды і Сталін ужо не той, бо былы падпалкоўнік КДБ не дарос яшчэ і да пятак свайму ўзору.

Урэшце дыферамбы ў гонар Пуціна, якія спяваюць Жэрар Дэпард’ё і Стывен Сігал, ад самага пачатку можна трактаваць як фарс і глупства, якія надаюцца хіба што для апошніх старонак таблоідаў паміж анекдотамі і красвордам. Цяжка казаць пра ідэалізм Дэпард’ё, які ўцякае са сваёй краіны ад падаткаў.

У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка прыкідвае, як можна выкарыстаць карыснага ідыёта Дэпард’ё не толькі для прапагандовых мэтаў, але і чыста практычных, каб пакасіць траву на полі. Цікава, што будзе, калі ў Менск прыедзе Стывен Сігал. Напэўна яму запрапануюць выступіць у Дзяржаўным цырку з паказам усходніх адзінаборстваў або каб ён зрабіў парачку каскадзёрскіх трукаў на цяжкавіку МАЗ. Іншы сябар Лукашэнкі Эмір Кустурыца мог бы гэта ўсё зняць і зрабіць прафесійную рэкламу для Менскага аўтазаводу. Мяне гэта б ні трошачку не здзівіла: Лукашэнка – чалавек вельмі практычны.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары