Віктар Шукеловіч Як у беларускай вёсцы рабілі тэст на тупасць і жорстка жартавалі

літаратар, журналіст

Ашмяна. Фота wikipedia.org

На ашмянскай аўтастанцыі ціха. Толькі чуваць, як у чаканні свайго аўтобуса гамоняць дзве бабулькі і дзядок, прысеўшы на адной з лавак.

– Глуха ўжо і ў гэтай Ашмяне памалу робіцца, – азвалася адна з бабуль у квяцістай хустцы.
– Будзе зараз як, не раўнуючы, у нашай Гудаўшчыне – адна нудота. А нуда горш каросты. У нас цяпер гэтак, што нават як паштальёнка на ровары праедзе, то ўся вёска праз акно выглядае – а што ж там робіцца? Адгудзела ўжо нашая Гудаўшчына.

– А памятаеш, Гэлька, як даўней было весела? – штурхнуў дзядок другую бабулю ў бок. – Якія штукі мы выраблялі?
– Чаму ж не помню? Помню… – страпянулася з задумы, бабуля. – Памятаю, вярталіся неяк з танцаў у ночы, падышлі да дому такой пабожнай бабулькі Манечкі, што жыла адна ў маленькай хатцы. Хлопцы залезлі на страху і пачулі гукаць у комін: «Гу-у-у-у, гу-у-у-уМанечка прачнулася, давай лямантаваць: «А, людцы, а родненькія, што робіцца?!» А хлопцы будуць казаць ёй у комін: «Манечка, збірайся на Страшны суд. То мы, анёлы, цябе клічам. Але мусіш не праз дзверы, а праз акно вылазіць. Але спяшайся, бо зараз чэрці прыйдуць». А мы, дзяўчаты, капоты паскідалі, валасы распусцілі, і ў вокны стукаемся, нібыта чартоўкі. А бачым праз акно, што Манечка ўкленчыла, жагнаецца, мяркуецца, праз якое акно на Страшны суд вылазіць… От смеху было. Пазней казалі на якую маруду, што збіраецца, як Манечка на Страшны суд.

Вёска на Ашмяншчыне. Фота Віктара Шукеловіча

– А бо мы во такое рабілі, – кінуўся ва ўспаміны дзядок. – Збяромся некалькі хлопцаў, запражэм коней і паедзем дзе ў якую далейшую вёску. Прыедзем у двор, а раней жа ў кожнай хаце нейкая паненка была, а то па дзве ці тры нават, то адзін з нас скоранька выскачыць, у акно стукне: «Выходзьце, скарэй-скарэй, сваты прыехалі!» Бацька з маткаю з хаты, расплатаўшыся-расхрыстаўшыся, вылятаюць, гарэлку выносяць, частуюць, кожнаму па чарцы – мы ўсе выпілі, а пазней бізуном па кані і чым шпарчэй з падворка нясемся. А бацька з маткай стаяць пасярод падворка, разявіўшыся. Так, бывала, папаязджаем адну нядзельку, а дахаты прыедзем, як з васэлля, – такія напітыя.

Вёска на Ашмяншчыне. Фота Віктара Шукеловіча

– А во паслухайце, што ў нас было, – ажывілася першая бабулька. – Гэта ж адна жанчына трымала свінню. Але як клікала яе да карыта, то клікала не «дзю-дзю», як усе, а «ку-ку». І трымала тую свінню мо з два гады, аж тая свіння зрабілася такая вялікая ды тоўстая, як вол. Наняла ўжо гаспадыня мужыкоў калоць свінню. А тыя як выпусцілі яе на падворак, то акраз зязюля закукавала: ку-ку ды ку-ку. Як далася свіння ў лес на тое кукаванне, як паляцела, то не ўтрымаць яе было. Пазней хадзілі па лесе, шукалі той свінні, бо, вядома, шкода, такая вялікая была, смаглая, але, мусі, яе ваўкі з’елі. Нічога ніхто не знайшоў.

– А нас такое было, – загаманіла іншая бабуля. – Яшчэ як у нас школа ў вёсцы была, то адна дзяўчына надта ж тугая да навукі была, адныя калы ёй настаўнікі ставілі – такая тупая была, дуб дубам. Аднаго разу дырэктар паклікаў яе да сябе, каб праверыць, ці праўда, што яна, як бот. Кажа да яе: «Адзін плюс адзін – колькі будзе?» Тая дзяўчына стаіць, лупы надзьмуўшы. Дырэктар далей будзе казаць: «Ну, глядзі, твае ж бацькі трымаюць свінней, колюць жа парсюкоў?» – «Колюць», – згаджаецца дзяўчына. – «Дык глядзі, – кажа дырэктар, – калі адымаюць адзін кумпяк ад парсюка, а пазней яшчэ адзін, то колькі разам будзе?» Дзяўчына троху падумала і кажа: «Будзе цэлая ср@ка…»

Аёй, а-ха-ха, – шчыра зарагаталі іншая бабулька і дзядок.
– А мая ж ты родная, – дзядок выцер рукавом слёзы, што выступілі ад рогату. – І смех, і грэх… От смешна было таксама, як мой сват Стась на васэллі напіўся і злёг пад плотам. Такая ў нас невялічкая сучачка была, Мушка называлася, надта ласкавая, дык прыляцела да яго і давай яго па мордзе лізаць. А сват, вядома, п’яны, думаў, што яго кума цалуе, і будзе казаць: давай, кумка, прыйдзеш уночы… А жонка ўчула, што ён так кажа, як падляцела і кулаком дый у храпу, па галаве, па храпачох давай яго малаціць…

У беларускай вёсцы. Фота Віктара Шукеловіча

А-ха-ха, – выбухнулі смехам дзве бабулькі-слухачкі.
– А пазней, як хто надта слінкаста цалаваўся, то казалі: цалуешся, як Стась з Мушкай, – патлумачыў дзядок. – От, усяго было. От, даўней то весела было, – са шчаслівай усмешкай казаў мужчына.
– А от ты казаў, як хлопцы для жартаў у сваты ездзілі, – уставіла першая з бабулек. – А было такое, што і з тых хлопцаў жартавалі.
– А як з іх жартавалі? – дзядок прыўзняў бровы.

– А от слухай, – цягнула старэнькая. – У адных бацькоў надта дачка гуляшчая была. Не маглі з ёй даць рады, гойсала па хлопцах, як лань. І бацькам была вялікая бяда, як тую дачку замуж аддаць, бо, вядома, што да такой у сваты нават басяк-галапупец не прыедзе. А тут яшчэ да ўсяго дачка ад гуляў тых дый брухатая стала, зацяжарала значыць. Бацькі начамі не спяць – не ведаюць, што з ёй рабіць. Але от, як ты кажаш, аднаго разу нейкія хлопцы дзеля жарту ў сваты прыехалі, а ўжо добра падпіўшы. Бацька з маці радасныя вылятаюць, гарэлку выносяць, да хлопцаў прыглядаюцца – каторы з іх у сваты праехаў. А хлопцы гарэлку выпілі, фурман махануў бізуном па кані, але, вядома, п’яны, то неяк слаба, і пакуль той конь з месца зрушыўся, то бацька ўчапіўся за каўнер хлопца, што з краю сядзеў, ды сцягнуў таго з воза. Падпітага ўзялі яго пад рукі ды й павялі ў хату. Давай яго там у хаце частаваць наўмысля: сала, кумпяка пакроілі, гарэлкі падліваюць. А той нябожа толькі й рад. Напіўся гэтак, ажно заснуў пры стале. Тым часам маці пярыну паслала і паклала яго спаць разам з цяжарнай дачкой. Раніцай хлопец будзіцца, а галава баліць, пэнкае, аж глядзіць: нейкая дзяўчына каля яго ляжыць. Тут бацька з маткай той дзяўчыны прылятаюць. «Аёй, спаў з дачкою ды яшчэ ўночы яе збэсціў, ажно яна, можа цяжарная, цяпер мусіш жаніцца», – такі вэрхал узнялі, яшчэ і суседзяў паклікалі, каб тыя бачылі, што дзяцюк з дзеўкай уночы быў. Дык той кавалер мусіў жаніцца, і нават не ведаў, што дзіця не ягонае… От і дажартаваўся, а гэта ж найгоршае – чужых дзяцей гадаваць. Гэта ж як клянуць некага, то кажуць, каб ты чужых дзяцей няньчыў.

У беларускай вёсцы. Фота Віктара Шукеловіча

– І што, такі ён дурны быў, той чалавек, што не прыкмеціў, як дзіця не ў пару радзілася? – пытаўся дзядок з трывогай у голасе.
– А от паслухай, як было. Бацькі жончыны надта хітрыя былі. Ці знаеш, як яны зрабілі: як ёй трэба было нараджаць, то забралі яе ад мужа да сябе, нібы там яна мелася нешта памагаць у гаспадарцы. Мужыку сказалі, што нібыта яна ў іх нацягалася, нарабілася, і нарадзіла неданошанае дзіця… А той хлопец і паверыў.
– О як бывае! Адное ашуканства ў свеце, – дзівіўся дзядок. – І гэнак у вас у Гудаўшчыне было?
– Дзе ж табе ў Гудаўшчыне? – запярэчыла бабулька. – Далей, недзе аж там, адкуль твая жонка. У Сніпаўшчыне ці як там тая вёска называецца.
– Ага, во яно як! – часаў патыліцу дзядок.

іншыя запісы
Каментары