Аляксандр Гелагаеў Як зрабіць бяссэнсоўнымі тэракты ў Беларусі

гісторык, вайсковы аглядальнік

Гісторык Алесь Гелагаеў лічыць, што адзіным надзейным сродкам была б гатовасць разумець свабоду як нешта, за што варта паміраць: «князь Вітаўт не баяўся ісламістаў».

22 чалавекі загінулі 59 чалавек атрымалі раненні ў Манчэстэры ў выніку выбуху, які тэрарыст-смяротнік зладзіў у фае стадыённага комплексу адразу пасля заканчэння канцэрту маладзёвай поп-зоркі.

Гэта не першае і не апошняе масавае забойства, якое ўчыняюць у Старым свеце ісламісцкія фанатыкі – перад гэтым былі выбухі і расстрэлы ў Францыі, Швецыі, Іспаніі, Нямеччыне, Бельгіі, той жа Вялікай Брытаніі.

Пасля тэрарыстычнай атакі ў Стакгольме 7 красавіка 2017 году.

Беларусь пакуль не была мэтай ісламскага тэрарызму, аднак гэта толькі таму, што цяпер прыярытэт злачынцаў – больш магутныя і заможныя краіны Еўразвязу, Расеі, ЗША і іхныя хаўруснікі. Агулам не важна, ці ваюе краіна з ісламістамі ці не (Швецыя, напрыклад, не вядзе ніякіх баявых дзеянняў): калі яна не падзяляе поглядаў тэрарыстаў, выбухі ўсё роўна могуць там прагучаць.

Пад тэрарызмам у гэтым артыкуле разумеецца свядомы гвалт супраць мірнага насельніцтва з мэтай запалохвання, які мае нейкія ідэалагічныя падставы.

Глабальная ідэалогія для глабальнага свету

Ісламізм стаў новай сусветнай гатовай да неабмежаванага гвалту ідэалогіяй, якая імкнецца да сусветнага панавання. Раней у 20-м стагоддзі такой ідэалогіяй быў атэістычны камунізм у разных сваіх варыянтах, які таксама карыстаўся тэрарыстычнымі сродкамі для захопу і ўмацавання сваёй улады.

«Няхай жыве Чырвоны Тэрор». Камуністычны транспарант 1918 года.

«Тэрор служыць таму, чаму ён павінен служыць. Мы павінныя знайсці нейкі шлях пазбавіцца буржуазіі, вышэйшых класаў. Яны не дадуць нам зрабіць ніякіх эканамічных пераменаў, на якія б яны не пайшлі да рэвалюцыі, таму іх трэба выкінуць адсюль. Сам я не бачу, як мы можам іх спалохаць так, каб яны пакінулі Расею без масавых расстрэлаў. Адзінае рашэнне я бачу ў тым, каб пагроза чырвонага тэрору спрыяла пашырэнню жаху і прымушала іх бегчы. Як бы гэта не рабілася, зрабіць гэта неабходна», – казаў Уладзімер Ленін амерыканскаму журналісту Лінкальну Стэфенсу. З невялікімі карэктывамі пад гэтымі словамі падпішацца любы сучасны ісламіст.

Гэтак як спыніць распаўсюд камуністычных ідэяў было немагчыма забаронай на кантакты з СССР, забароны на міграцыю з ісламскіх краінаў не маюць прынцыповага сэнсу. Гэткія абмежаванні ўва ўмовах глабалізацыі будуць звужаць колькасць патэнцыйных радыкалаў, аднак чальцом тэрарыстычнага падполля можа быць як любы турыст, які робіць перасадку ў Менскім аэрапорце, гэтак і сусед-беларус па лесвічнай пляцоўцы, які ніколі не быў за мяжой.

Ідэі, асабліва ў эпоху інтэрнэту, немагчыма спыніць на нацыянальнай мяжы.

Нож, аўтамабіль, самалёт, інтэрнэт

Як найноўшыя тэхналогіі, гэтак і самыя старажытныя прылады дазваляюць тэрарысту забіць аднаго ці масу цывільных людзей. Праверкі ў метро маюць такі ж чыста прафілактычны эфект, як і забароны на міграцыю, забараняць людзям купляць пісталеты ці вінтоўкі бессэнсоўна і нават шкодна – грамадзяне застаюцца цалкам безабароннымі перад узброенымі злачынцамі.

Зрэшты, зараз тэрарысты могуць выкарыстоўваць як зброю масавага знішчэння звычайны аўтамабіль – летась у Ніцы ісламіст проста падавіў 86 чалавек на вуліцы коламі цяжкавіка, а страляць пачаў толькі па паліцэйскіх, якія яго і забілі.

Аналагічныя напады адбываліся ў Лондане і Швецыі. Асобныя ісламісты карысталіся нажамі і іншай халоднай зброяй, якую практычна немагчыма забараніць.

Такім чынам галоўным метадам адсочвання тэрарыстаў застаецца аналіз наведвання падазроных сайтаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках, інфільтрацыя ў ісламісцкія арганізацыі, агентурная праца, кантроль падазроных фінансавых пераводаў.

Аднак і гэта дапамагае папярэдзіць толькі частку тэрактаў – тыя напады, якія ладзяцца адносна вялікімі групамі і рыхтуюцца даволі працяглы час. Але вялікая частка апошніх масавых забойстваў – гэта дзеянні адзінак ці зусім малых груп, усе з якіх проста немагчыма цалкам кантраляваць.

Баевікі «Ісламскай дзяржавы» запускаюць беспілотнік. Кадр з прапагандысцкага відэа.

Калі мы ўлічым, што тэрарызм можа быць і віртуальным, можна выкарыстоўваць нанатэхналогіі і робататэхніку, хакеры ў перспектыве могуць браць пад кантроль частку дзяржаўных (у тым ліку вайсковых) рэсурсаў, арганізоўваць тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы праз інтэрнэт – стане зразумела, што тэракты робяцца непазбежнай платай за жыццё ў больш-менш развітым і заможным сучасным грамадстве.

Ваенная дэмакратыя

Еўропа, у тым ліку і Беларусь, стаіць перад перспектывай шматлікіх дзесяцігоддзяў вайны – нават калі галоўнай зброяй у гэтай вайне не будуць ракеты, танкі і самалёты. Гэта будзе вайна адносна малой інтэнсіўнасці, але вельмі гучная і балючая для грамадстве, у якім большасць медыяў, кіно і рэклама засяроджваюцца на прапагандзе спажывецкага ладу жыцця.

У соцыуме, дзе галоўная мэта чалавека – пражыць як мага даўжэй, не абмяжоўваючы сябе ў ежы, пітве і сексуальных прыгодах, перспектыва раптоўнай смерці ці калецтва сапраўды здольная запалохаць людзей, прымусіць іх здацца на літасць дыктату іншай культуры.

У гісторыі Еўропы, у тым ліку нашага Вялікага княства Літоўскага, была група грамадства, якая стагоддзямі жыла ў стане вайны – гэта было рыцарства, вядомае на нашых абшарах як шляхта. У Полацкім і іншых княствах дружыннікі і баяры, а потым шляхта былі асноўнай ці нават адзінай вайсковай сілай дзяржавы – за што мелі адпаведныя прывілеі. Вайсковая служба, калецтва або смерць у росквіце сіл былі натуральнай часткай жыцця для гэтых людзей.

Цяпер кожны здаровы грамадзянін Беларусі мае прыкладна тыя ж абавязкі па абароне Радзімы, што і шляхціч перад вялікім князем. Прывілеі мы таксама маем: пры ўсіх хібах сучаснай беларускай сістэмы, наш камфорт і свабода непараўнальныя з умовамі жыцця пад уладай ісламістаў.

Калі Беларусь і Стары Свет хочуць захаваць незалежнасць, асабістую свабоду і еўрапейскі (ці, шырэй – хрысціянскі) лад жыцця, атрымаць імунітэт ад тэрарыстычных атак, то пераўтварэнне «простага народу» у «народ-шляхту», які ведае свае правы і гатовы памерці за іх – адзіны рашучы сродак.

Князь Вітаўт, як вядома, не баяўся ісламістаў.

Аляксандр Гелагаеў

іншыя запісы
Каментары