Віктар Шукеловіч Як Пазняка прымушалі даказваць сваё шляхецтва

літаратар, журналіст

Калі прыязджаю на родную Ашмяншчыну, то часам мімаходзь чую, як моладзь спрачаецца пра Івана Грознага, Сталіна ці маршала Жукава. Калі б я запытаў пра мінулае іхнага селішча, пра лёсы іхных землякоў, то, пэўна, мала б што пачуў. Багатая і поўная сюрпрызаў гісторыя нашых вёсак ды мястэчак дагэтуль чакае, калі яе адкрыюць. Толькі б не спазніцца…

Надзвычай спадабалася мне гісторыя роду Пазнякоў, якія цягам стагоддзяў жылі ў Ашмянскім павеце. Лёсы гэтых людзей – гэта жыццё, а не сухія апісанні ў падручніках.

Род Пазнякоў у часы Вялікага Княства Літоўскага валодаў значнымі зямельнымі надзеламі ў Ашмянскім павеце. Да прыкладу, ім належала мястэчка Солы на рацэ Ашмянцы з навакольнымі вёскамі, фальваркамі ды засценкамі. Піша пра гэта гісторык і краязнаўца Чэслаў Янкоўскі ў 1-ым томе сваёй манаграфіі «Ашмянскі павет» (1896 год).

Глядзіце яшчэ:

Аўтар адзначае, што розныя адгалінаванні роду Пазнякоў у Рэчы Паспалітай ідуць ад Грыгора Пазняка, які меў шляхецкі прыдомак «Крыўковіч» і карыстаўся гербам «Грымала».

Герб «Грымала», фота wikipedia.org

Грыгоры быў уладальнікам маёнтку Біржуні, атрыманым у 1500 годзе ў Жмудскім княстве ад Вялікага князя літоўскага Аляксандра. Адзін з унукаў Грыгора асеў у Кіеўскім ваяводстве, адзін з праўнукаў пад Полацкам. Яшчэ адзін прадстаўнік роду – Ян Францішак Пазняк – трапіў у асаблівую ласку да караля Яна Казіміра Вазы.

Кароль Ян Казімір. Фота wikipedia.org

Манарх надзвычай шчодра адорваў яго тытуламі ды дзяржаўнымі зямельнымі надзеламі – гэтак званай «каралеўшчынай». Істотна разбагацеўшы, Ян Францішак Пазняк пастанавіў выкарыстаць нагоду ў 1665 годзе і купіць за 60 тыс. злотых цэлае мястэчка – Солы – ад Стэфана Панятоўскага, які быў каталіцкім святаром, жыў у цэлібаце і не меў каму пакінуць сваю маёмасць.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах. Фота vandrouka.by

Пасля смерці Яна Францішка Солы перайшлі ў спадчыну ягонаму старэйшаму сыну Станіславу. Ён, як і некалі бацька, цешыўся вялікай прыхільнасцю першага чалавека ў краіне – караля. У 1685 годзе кароль Ян Сабескі назначыў яго стольнікам ашмянскім, у 1690 – харужым ашмянскім. З Солаў Станіслаў Пазняк высылаў універсалы, у якіх заклікаў братоў-шляхту на сеймікі ды сходы. У 1693 годзе яму прапанавалі ганаровую пасаду Вялікага пісара ВКЛ, але Станіслаў не згадзіўся – грошай ды багацця яму і так хапала. Станіслаў абвесціў, што адрачэцца ад гэтага прывілею на карысць «больш ахвотнага», але, як чалавек гаспадарлівы, паставіў умову: той атрымае тытул, хто заплаціць тысячу талераў і дасць «жарабца з вупражжу і сядлом, коштам у 1 тыс. злотых». Ці знайшоўся ахвотны – дакументы маўчаць.

Кароль Ян Сабескі. Фота wikipedia.org

Жыў Станіслаў Пазняк у Солах шыкоўна, і па-вялікапанску сыпаў грашыма ва ўсе бакі. Жонка затое была вельмі ашчаднай ды ўвесь час дбала пра сямейны капітал. Пры жыцці яе маглі называць скнарай, але, калі яна памерла і быў адчытаны яе тастамант, то аказалася, што пэўныя сумы грошы яна запісала нават для самай далёкай радні.

Праз некаторы час Солы перайшлі ва ўладанне іхнага нашчадка – ашмянскага земскага пісара, які таксама меў імя Станіслаў. Калі ягоных продкаў раней адорвалі сваёй прыхільнасцю манархі, то гэты Станіслаў, трэба сказаць, быў любімчыкам сярод сваіх родных. Ягоная сястра Тэрэса перапісала на яго паводле тастаманту маёнтак Рачуны недалёка ад Солаў, малодшы брат Рэгіс перадаў яму фальварак Варакоўшчына. Іншы брат Юзаф, купіўшы разам са Станіславам маёнтак Навасёлкі ў Завілейскім павеце, аддаў сваю частку «на вечнае карыстанне брату».

Солы. Фота vandrouka.by

Станіслаў стаўся самым багатым з роду Пазнякоў у Ашмянскім павеце, валодаючы самімі Соламі, млыном, ставам, возерам, корчмамі, некалькімі фальваркамі ды вёскамі. Невядома чаму, але, магчыма, праз азартныя гульні да нядбальства Станіслаў, аднак, меў даўгі, якія перавышалі кошт усёй ягонай маёмасці.

Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя на Ашмяншчыне расказвалі наступную гісторыю пра Станіслава Пазняка: царскія ўлады Расейскай імперыі змушалі шляхту былой Рэчы Паспалітай пацвярджаць прыналежнасць «да дваранскага саслоўя». Калі чарга дайшла да Станіслава Пазняка, то ён паехаў у павятовы горад не з гербавымі паперамі, якія, можа, згубіў, а, магчыма, ленаваўся шукаць, а з’явіўся са спісам усіх сваіх даўгоў.

– Што гэта? – здзівіліся чыноўнікі. – Нам патрэбныя гербавыя граматы, а не даўгі.
– Даўгі – гэта доказы, – пераконваў Станіслаў Пазняк. – Каму б яшчэ, калі не шляхцічу, людзі маглі б пазычаць гэтак вялікія сумы.

У 1810 годзе віленскі суд даў наказ падзяліць землі і падданых Станіслава Пазняка між ягонымі крэдыторамі. Які лёс спаткаў Станіслава далей – невядома. Апошнім жа буйным землеўладальнікам з роду Пазнякоў у Ашмянскім павеце гісторыкі называюць ягонага брата – Юзафа Пазняка, які памёр у сваім маёнтку Рачуны-Баніфацава, непадалёк ад Солаў, у 1847 годзе.

іншыя запісы
Каментары